Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Супяскаў найбольш у Рослаўскім павеце, у Рагачоўскім пав., паміж Дняпром і Сожам, і ў Быхаўскім пав. — на правым беразе Дняпра. Апроч таго над Дняпром і Сожам моцна разьвіты надрэчныя наносныя грунты. Пяшчаныя грунты тут, як і ўсюдых найбольш заняты хваёвымі барамі. У Рагачоўскім-жа павеце спатыкаецца досіць многа ліставых — дубовых і іншых лясоў.

Тыпы Беларусоў з Магілеўшычны: Та́ечкі (прыяцелькі) зюкаюць.

Лясоў у краіне ёсьць, наагул кажучы, досіць многа. Саўсім нядаўна Радань можна было назваць Палесьсем. Цяпер лясы вельмі моцна падцярэблены. За апошнія 20 гадоў, прыкладам, абшар лясоў у Чэрыкаўскім павеце зьменшыўся на палавіну і гэты павет стаўся адным з найбольш бязлесных у Беларусі.

Вызначаючыся сярод суседніх краінаў сваёю рэдкаю залюднёнасьцяй, паветы Радані з гэтага боку рожняцца і між сабою. Найгусьцей заселены Клімавіцкі павет, найрадзей Быхаўскі і Рагачоўскі, якія з‘яўляюцца пераходнымі к Палесьсю. Рэдкая залюднёнасьць краіны тлумачыцца між іншым недахватам зялезных дарогаў, якія йдуць толькі праз Рослаўскі і заходнія часткі Быхаўскага і Рагачоўскага паветаў.

Усход-жа абодвых апошніх паветаў, і навет цэлыя Клімавіцкі і Чэрыкаўскі паветы зусім ня маюць чыгункаў на сваіх прасторах. Ад паветавага места Чэрыкава да чыгункі найбліжэй 75 вёрст. Да таго-ж па Сожу параходы ходзяць толькі да Прапойску. Толькі шосы крыху аджыўляюць гэтую глухую краіну, асабліва Маскоўска-Варшаўская, якая йдзе як раз цераз сярэдзіну Радані.