Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тых заводаў асабліва важны — рэльсавы, які вырабляе тавару на 5 міліёнаў руб. у год і крыштальныя ды шкляныя гуты, якія вырабляюць тавару на 1½ міліёна. Есьць яшчэ некалькі чыгуновых і зялезных заводаў. Усе Мальцаўскія заводы вырабляюць тавараў у год больш як на 7 міліёнаў руб. Цэнтр гэтых заводаў знаходзіцца у с. Дзядзькаве, Бранскага пав., а капальні руды (шахты) найбольш у Жыздрынскім пав.



IX. Радань — (Паўднёвая Магілеўшчына).

На поўнач ад Беларускага лесастэпу ляжыць рад паветаў, рэдка залюднёных, з благімі, найбольш пяшчанымі, грунтамі: Рагачоўскі, Быхаўскі, Чэрыкаўскі, Клімавіцкі і Рослаўскі.

У пачатках нашай гісторыі жыла тут глаўная маса племені радзімічаў. Дзеля гэтай прычыны мы і называем гэты край Раданьню — зямлёю Радзімічаў.

Паўночную мяжу краіны творыць Дняпроўскае Узгор‘е. Паверхня краю з‘яўляецца раўнінаю, вельмі ступянёва зьніжаючайся ад Дняпроўскага ўзгор‘я на паўдня — аж да ўзгор‘яў лесастэпу. Толькі правыя берагі рэкаў значна падняты над ваколіцаю. Усход краіны (Рослаўскі павет) высака падняты і ўзгоркаваты з тэй прычыны, што ў яго заходзяць часткі Окаўскага лесу (Рослаўскае узгор‘е), адыходзячыя сюды ад Ельнінскага Вузла. Самаю нізкою часткаю краіны з‘яўляецца Захад яе, — Быхаўскі і Рагачоўскі паветы, якія маюць у сабе шмат падобнага да суседняга Палесься, але адзначаюцца ад апошняга большай гушчынёю залюдненьня.

Важнейшымі рэкамі краіны з‘яўляюцца: Сож, які са сваімі прытокамі Астром, Бесядзьдзю і Іпуцьцю абвадняе большую, ўсходную часьць краіны і Дняпро з Друцьцю, якія маюць вялікае значэньне для заходняй часткі.

Подлуг грунтоў краіну можна лічыць пераходнаю. На ўсходзе яе трапляецца досіць часта лёсс. Дзярновыя суглінкі на лёссе займаюць значныя абшары ў Рослаўскім павеце, а на мяжы Клімавіцкага і Чэрыкаўскага паветаў ляжыць навет досіць значны востраў шэрых суглінкаў. З поўначы заходзяць звычайныя дзярновыя суглінкі на марэнных глінах і займаюць значную часьць прастору, які ляжыць паміж Сожам і Дняпром. Урэшце, з захаду заходзяць у краіну аграмадныя абшары пяскоў і балотаў. Яны займаюць заходні задняпроўскі кавалак краіны, робячы там саўсім Палескую мяйсцовасьць. А так сама пяшчаныя грунты займаюць блізка ўвесь абшар, які ляжыць на левым беразе Сожа, апрача востраву шэрых суглінкаў.

У Рослаўскім павеце, ня гледзячы на яго паднятае палажэньне спатыкаецца шмат балотаў-імшараў.