Перайсці да зместу

Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Менскае узгор’е складаецца з некалькіх ланцугоў узгоркаў, якія йдуць у розных кірунках па заходняй часьці Барысаўскага павету, запаўняюць сабою бязмална ўвесь Менскі і заходзяць у некалькіх мяйсцох досіць далёка ў Ігуменскі пав. На мяжы Менскага і Барысоўскага паветаў гэтыя ўзгоркі даходзяць найвялікшае вышыні і тут ля вёскі Лысая Гара.

Есьць найвышэйшы пункт усяе Беларусі — Лысая Гара, якая паднята над морам на 1127 фут., альбо на 161 сажань. Таксама значную вышыню маюць узгоркі і некалькі міль на захад ад Менску. У паўднёвай частцы сваёй узгор’е пакрыта багатай гляістай зямлёю. З Менскага ўзгор’я выцякаюць Нёман, Вельля, Бярэзіна, Птыч і шмат драбнейшых рэчак.

Наваградзкае узгор’е складаецца з некалькіх гнёздаў узгоркаў, спаміж каторых найвышэйшым ёсьць гняздо, што ляжыць ля самага Наваградку. Там пры Каменцы ёсьць горы, з якіх адчыняюцца віды на дзесяткі вёрст вакола. Наваградзкае ўзгор’е заходзіць і ў Слонімскі павет, запаўняючы сабою тую частку павету, якая ляжыць на ўсход ад Шчары. Урэшце Наваградзкае узгор’е ідзець шырокай пасай у Случчыну. Тамака ўзгор’е памалу паніжаецца і нязначна пераходзіць у Палескую раўніну.

Усё ўзгор’е пакрыта багатай гляістай зямлёю, якая дае вельмі вялікія ўраджаі. Народ тут жыве вельмі густа; гаспадары ўсё багатыя. Лічаць, што Наваградзкая і Слуцкая зямля лепшая на ўсю Беларусь.

Віленскае узгор’е ідзець уздоўж левага берагу Вельлі па Ашмянскім і Віленскім паветах. На мяжы гэтах паветаў ёсьць найвышэйшыя пункты гэтага ўзгор’я каля Гудагаю (154 сажні) і пры Медніках (138 саж.) У гэтым мейсцу Віленскае ўзгор’е дзеліцца на дзьве часткі. Адна паварочавае на паўднёвы захад і запаўняе сабою Лідзкі павет. Ступянёва зьніжаючыся падыходзіць узгор’е да Нёмну і прымушае яго зьвярнуць на паўдня і аж да Горадня ісьці назад проці свайго першага кірунку. Другая ланцугом досіць высокіх узгоркаў ідзець да Меднік у кірунку на Вільню і пры ўпадзе Вялейкі ў Вельлю робіць шырокую катлавіну, у якой ляжыць Вільня. Заходнюю сьцяну гэтай катлавіны твораць Понары — ланцуг высокіх лясістых узгоркаў, прарэзаных ярамі. Верст 7 за Вільняю Понары ўпіраюцца ў Вельлю, творачы на рэцэ значнай высокасьці берагі, далёка вядомыя па сваім харастве чаруючых ваколіцаў.

Пад Понарамі праложаны тунэль для чыгункі. З усходу Віленская катлавіна абмежана высокімі ды ўсхонаватымі горамі, спаміж якіх найвышэйшыя — Замковая, Трох Кражавая і Бакішовая гара, што высяцца над Вільняю. Урэшце на правым беразе Вельлі, проці Вільні, ёсць узгор’е, якое называюць Шэшкінямі.