Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Узмучаная вада з поўначы трапляла ў тое самае Гэродотава мора. Цячэньне яе тут было слабейшае і дзеля таго тут асядаў пясок. Гляiстыя-ж часткі вада несла далей.

Калі ледавік растапіўся, падняліся моцныя сухія паўночныя вятры. Яны абсушылі увесь морэнны матар‘ял, што застаўся пасьля ледавіка, i на мейсцу ледавіка хутка зробілася зусім сухая бязводная пустыня. Вецер дакончыў тую работу, якую пачала вада. Ен выдзьмухаў з зямлі, з гліны ўсе лягчэйшыя, гляністыя часткі і зробіў з іх над нашаю старонкаю беспрасьветныя хмары пылу.

Увесь гэты пыл вецер гнаў на паўдня і тамака, за Дзясною, дзе цяпер украінскія стэпы, ён асядаў на зямлю. Шмат сотняў гадоў цягнулася гэтая справа і за гэты час тамака павырасталі вялізазнай таўшчыні пласты гэтага пылу. Вучоныя яго завуць лёсам. Пасьля на ім парасьлі буйныя стэповыя травы і зробіўся чарназём.

Пласты лёсу трапляюцца і ў нас. Яны пакрываюць якраз наш чарнігаўскі лесастэп. На iх таксама быў калісь чарназём, хоць і не такі багаты, як на Украіне. Аб іх мы ўжо казалі вышэй.

Там, дзе морэннага матар‘ялу было асабліва многа, нi вада, нi вецер не змаглі яго сьцерці. Праз шмат гадоў каменьне зьверху зробiлася глiнаю і на ім сталі расьці дрэвы і трава. На мейсцу бесканечных грудаў каменьня зьявiлiся харошыя лясістыя ўзгоркі; у глыбокіх лагчынах паміж іх парабіліся вазёры.

Вецер і вада праўда адкопавалi ўсё новае і новае каменьне, але усё ж на мейсцу каменнае пустыні зьявіўся харошы морэнны край.

Патроху высыхала і Гэродотава мора. Між іншым Гэродотавым яно завецца дзеля таго, што адзiны вучоны, які аб ім пісаў зваўся Гэродот. Жыў ён 2400 гадоў назад. Значыць 2400 гадоў назад гэтае мора яшчэ было. Цяпер яго ўжо няма. Ад яго засталіся толькі вялiзазныя Пінскія балоты, што ляжаць уздоўж р. Прыпяці, ды пескавыя прасторы палесься, што былі калісь яго дном.

Узгор‘і.

Мы ужо ведаем, што вялiкiх гораў на Беларусі няма; ёсьць толькi больш цi менш даўгія ланцугі, гнёзды ўзгоркаў або ўзгор‘і. Хоць вышыня іх невялікая, але значэньне яны маюць вельмi важнае — з беларускіх узгор‘еў расьцякаюцца ўва ўсе бакі найвялікшыя рэкі Эўропы — Нёман, Дняпро, Дзьвіна; навет Волга. Важнейшыя ўзгор‘і: Менскае, Наваградзкае, Вялейскае, Задзьвінская морэна, Смаленская морэна, Окаускі лес, Задняпроускае узгор‘е і Аршанскае.