Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

леньня, наагул па свайму эканамічнаму характару вельмі падобна да гэтых і зьвязана з імі, дзеля чаго мы іх і злучаем у адну краіну.

Паверхня гэтага краю зьяўляецца раўнінаю, значна паніжанаю на захадзе. На ўсходзе, наадварот, у яе ўходзяць адарваныя лапіны ўзгор‘яў Окаўскага Лесу, якія ўтворуюць высокія, зрэзаныя ярамі, правыя берагі р. Дзясны пад Бранскам і Трубчаўскам. Так сама значна павышана мяйсцовасьць у Навазыбкаўскім, Старадубскім, і Мглінскім паветах. Рэшта краіны моцна нізінная, асабліва Гомельскі павет, заходняя частка якога мае ўжо зусім палескі выгляд, — з аграмаднымі прасторамі балотаў і лясоў.

На Старадубскім узвышшы і ўздоўж правага берагу р. Дзясны залёг лёсс. Пад Старадубам на ім стварыліся досіць ураджайныя шэрыя суглінкі, якія і займаюць большую часьць Старадубскага павету. Навакола іх няшырокім абручом ляжаць дзярновыя суглінкі на лёссе. Досіць шырокі паяс гэтых суглінкаў адыходзіць у Мглінскі і Бранскі паветы; у апошнім павеце яны займаюць досіць вялікія прасторы, пакрываючы высокі правы бераг р. Дзясны. Досіць значныя астравы гэтых суглінкаў на лёссе знаходзяцца і ў Трубчаўскім павеце, а так сама ў Навазыбкаўскім і Гараднянскім паветах. Урэшце ў Суражскім і Гомельскім паветах гэтыя грунты сустракаюцца досіць рэдка.

Левыя берагі рэк звычайна пакрыты тут шырокімі палосамі бедных пяшчаных грунтоў. Дзякуючы гэтаму ўся заходняя і паўднёвая частка Гомельскага павету, блізка ўвесь Суражскі, заходняя частка Бранскага і значныя прасторы ў іншых паветах займаюць пяшчаныя грунты, пакрытыя найбольш хваёвым борам. Рэшта прастору займаюць супяскі, ды ў Гомельскім і Гараднянскім паветах ёсьць досіць многа трасьніковых балотаў, а на поўначы Гомельскага — лапіна звычайных дзярновых суглінкаў на марэннай гліне.

Апроч хваёвых бароў у лесастэпу сустракаецца досіць многа ліставых лясоў, асабліва ў Старадубскім пав. У гэтых лясох найбольш расьце дуб, клён, вельмі многа ёсьць так сама маладых бярэзьнікаў, ялаўцовых зарасьнікаў. Елка тут сустракаецца рэдка, а далей на паўдня яе і зусім няма. Трэба заўважыць, што лясы, якіх тут даўней было вельмі многа, цяпер моцна расьцярэблены і з кожным годам іхныя прасторы зьмякшаюцца, зьмяняючыся ральлёю навет на зусім бедных пяшчаных грунтох з якіх пасьля вецер робіць пяшчаныя выдмы.

Гаспадарка наагул стаіць тут нявысока, асабліва ў дварох, якія ня маюць заўсёдных парабкоў, а здаюць зямлю палавіншчыкам. Годзі сказаць, што, як у вёсках, так і ў дварох яшчэ вельмі часта аруць сахою, а ў лясістых мяйсцовасьцях яшчэ і дагэтуль часамі паляць ляды, як у самым глухім Палесьсі.

У вёсках-жа перашкодаю гаспадарцы зьяўляецца абшчыннае ўладаньне зямлёю, якое не дае магчымасьці культурнейшым гаспадаром у вёсцы заводзіць палепшаньні. Уся вёска мусіць