Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/153

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(навет у Бесарабію). Давід-Гарадзецкія рамясьнікі вырабляюць спэцыяльныя боты з даўгімі халявамі, якія так сама вывозяцца на старану; робяць тут яшчэ вельмі добрыя пляцёныя брычкі. Давід-Гарадок нейкі час лічыўся паветавым местам.

Над Прыпяцьцю, на яе правым беразе, пасярэдзіне Мозырскага павету стаіць стары Тураў, даўнейшы рэлігійны і культурны, а часткаю і палітычны цэнтр дрыгвіцкае зямлі — Палесься. Лічуць, што залажыў яго ў IX веку нейкі вараг Тур, таварыш Рагвалода. У X веку тут была заложана праваслаўная эпархія, тут жылі архірэі аж да сярэдзіны XV веку. Тады Тураў быў вялікім горадам, разсаднікам хрысьціянства і прасьветы ў Палесьсі. Пасьля, як вырас Пінск, яго значэньне зьменшылася. Ад слаўнае мінуўшчыны Турава засталіся толькі лягенды, якія жывуць сярод акалічнага люду. — Цяпер Тураў — невялікае мястэчка, з 3 тыс. жыхараў, якія найбольш займаюцца гаспадаркаю, рыбалоўствам, сплавам лесу, а так сама гандлем.

Есьць у Тураве досіць бойкая прыстань і бываюць два кірмашы ў год.

Ніжэй Турава, на левым беразе Прыпяці, стаіць гандлёвае мястэчка Пе́трыкаў з 3 тыс. жыхараў, сярод якіх шмат шаўцоў. Петрыкаўскія мяшчане адзначаюцца сваёю прамысловасьцю і здольнасьцю да гандлю. Некаторыя з іх маюць свае баркі і возяць на іх лес; шмат хто займаецца рыбалоўствам. У Петрыкаве ёсьць прыстань і зьбіраецца ў год два вялікіх кірмашы.

Паветавае места Мозыр ляжыць на высокім правым беразе Прыпяці, ў надзвычайна харошай мяйсцовасьці. Гэта досіць стары горад, вельмі часта цярпеўшы ад чужаземных нападаў. Быў тут некалісь і замак. Цяпер у Мозыры каля 12 тыс. жыхараў, ёсьць вялікая хвабрыка сярнічак і дробныя гарбарні, прыстань на Прыпяці, зьбіраюцца два кірмашы, йдзе досіць жывы ганцаль. Да апошніх часаў чыгунка йшла за 12 вёр. ад места. Цяпер праведзена новая чыгункавая лінія цераз самы Мозыр, што павінна значна аджывіць яго эканамічнае жыцьцё.

Мозырскі павет найбольшы па прастору з усіх беларускіх паветаў і найрадзей заселены. У ім найбольш балотаў і лясоў і найменш зямлі прыгоднае для гаспадаркі. Значная частка лясоў павысякана, а балотаў абсушана.

Толькі берагі Прыпяці і ваколіцы Мозыра густа заселены. Рэшта павету — глухі палескі край, вельмі слаба зьвязаны са сьветам.

У сярэдзіне Рэчыцкага Палесься, пры чыгунцы ляжыць с. Васілевічы. Тут экспэдыцыяй Жылінскага былі асушаны значныя прасторы, заложана мэтэоролёгічная станцыя. Апошнімі часамі Васілевічы сталі шыбка расьці (цяпер каля 3 тыс. жыхараў) стаў разьвівацца гандаль.

З Васілевічаў у глыбіню павету адходзіць лінія чыгункі. Яна канчаецца ў м. Хойніках.