Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беларусі. Яны прыносяць з сабою і свае звычаі бытавыя і гаспадарскія, моцна адзначаючыяся ад палескіх.

Гісторыя застала Палесьсе заселеным Дрыгвічамі. Тутака быў і галоўны іхні палітычны цэнтр Тураў. Але Дрыгвічом не ўдалося стварыць моцнае дзяржавы і яны ўвес час былі то пад, кіеўскімі, то пад іншымі суседнімі князямі, аж пакуль ня злучыліся з рэштай Беларускіх пляменьняў, пад уладаю Літвы.

Палесьсе мела вялікае значэньне ў гісторыі Беларусі і Літвы. Яно бараніла іх увесь час ад нападу з паўдня. Пад сьценамі палескіх замкаў і гарадоў, а найбольш у балотах і лясох Палесься спыняліся магутныя напоры паўднёвых народаў на Беларусь.

Апроч гаспадаркі вясковае насяленьне займаецца і рамёсламі. У глухіх палескіх мяйсцовасьцях пануе г. зв. натуральная гаспадарка: — людзі нічога не прадаюць і вельмі мала або нічога ня купляюць. Усе патрэбныя да жыцьця рэчы робяць самі. Ведама, што хатнія рамёслы павінны быць тут моцна разьвітыя. I запраўды, — у Палесьсі напр. пашырана ткацтва, шмат людзей займаецца вырабамі з дрэва. Моцна разьвіта рыбалоўства; часамі цэлыя вёскі жывуць найбольш з гэтага промыслу. Вельмі пашырана пчалярства — ці ляпей бортніцтва, асабліва ў Мозырскім павеце.

Народ зарабляе ў лесе, на сплаве, займаецца гонкай смалы і дзёгцю, паляваньнем і інш. ляснымі промысламі.

Хвабрычная прамысловасьць досіць разьвіта. Найболыш спатыкаецца пільняў і бравароў. Апошніх асабліва многа ў Рэчыцкім павеце, які з гэтага боку займае першае мейсца ў Беларусі. Апроч таго ёсьць некалькі хвабрыкаў сярнічак, некалькі шкляных гутаў, гарбарняў і г. д. — Прамысловасьць Палесься толькі яшчэ пачынае разьвівацца і перад ёю шырокая дарога.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

У Мозырскім павеце ёсьць некалькі вялікіх мястэчак, з каторых кожнае зьяўляецца важным цэнтрам для свае ваколіцы. Гэткія — Давід-Гарадок, Тураў, Пе́трыкаў зьяўляюцца цэнтрамі вялікае ваколіцы, роўнае па прастору цэлай дзяржаве. Усе яны ляжаць на берагох Прыпяці, альбо яе найбольшых прытокаў і зьвязаны з сьветам найбольш вадзянымі дарогамі.

Давід-Гарадок ляжыць на астравох р. Гарыні; старое мястэчка, заложанае пэўне яшчэ ў дагістарычныя часы. Цяпер у ім каля 4 тыс. жыхараў, якія займаюцца між іншым будоўляй суднаў, а так сама — рыбалоўствам, гародніцтвам (разводзяць цыбулю), служаць лоцманамі на суднах і г. д.

Тутэйшыя мяшчане — народ прамысловы. Яны вырабляюць вянгліну, кілбасы і сыры. Загатаўляюць дзічіну, сушаную рыбу і грыбы, сушаную садавіну і вывозяць усё гэта на продаж у вялікія беларускія месты а так сама і далёка за межы Беларусі,