Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ля 15%); за тое вельмі многа сенажацяў, — як нідзе ў Беларусі. Усё гэта дазваляе гаспадаром трымаць шмат скаціны і сьвіньняў.

Паўночна-ўсходнюю частку Піншчыны займаюць безканечныя пушчы і непраходныя балоты Палесься, якія адгэтуль пераходзяць у Мозырскі павет і цягнуцца далёка на ўсход. З гэтаю часткаю Піншчыны аднародная паўднёвая часьціна Слонімскага павету і паўднёва-заходні край Слуцкага. У Слонімскім павеце пачынаецца паяс аграмадных балотаў паўночнага Палесься, аб якім мы ўжо казалі. У Пінскім Палесьсі ляжыць як раз балота Качайла і так сама частка балота Грычына. У лясох Пінскага Палесься вельмі многа ўсялякага зьвяр‘я і дзічыны.

Жыхары тут займаюцца лясным промыслам, паляваньнем, гадоўляй скаціны і інш. Край гэты, у якім так многа прыроднага багацьця, зусім рэдка заселены: на вялізазным прасторы налічуюць усяго некалькі дзесяткаў вёсак. А ўздоўж берагу Прыпяці, на ўсход ад Пінску на дзесяткі вёрст цягнуцца зусім бязлюдныя балотныя прасторы.

Дзяўчаткі з Піншчыны.

Клімат Піншчыны належыць да найцяплейшых і найлагаднейшых у Беларусі. Гадавая тэмпература Пінску + 6, 7, зіма бывае кароткая, мяккая; цягнецца яна менш 3-х месяцаў.

У гэты час, калі замярзаюць рэкі і балоты, ўсходняя і паўднёвая Піншчына аджывае. Па лёдзе пракладаюцца простыя дарогі, па якіх лёгка трапіць у суседняе мястэчка і ў самы Пінск жыхарам якое небудзь адрэзанае балотамі ад сьвету вёскі. Узімку найбольш аджывае тут і гандлёвае жыцьцё.