Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

узгорках — астравох — вёскі пінчукоў. За час веснавое паводкі вада заносіць пяском старыя пратокі і пракопуе новыя, наносіць пяшчаныя ўзгоркі і пласты глею.

За лета ўсе гэтыя вадзяныя прасторы зарастаюць буйнымі балотнымі травамі: чаротамі, трысьнягамі, сітнікамі і інш., але паміж імі на сушэйшых гляістых мяйсцох трапляюцца астравы пазарастаўшыя асакою, а часта і вельмі добрым мурагом.

Лесу ў Зарэччы мала і толькі дзе-ня-дзе пяшчаныя грады і ўзгоркі паабрасталі хваёвым борам. Значыць называць Зарэчча „Палесьсем“ навет ня вельмі выпадае.

Жывуць тутэйшыя гаспадары досіць заможна. Значную часьць году яны адрэзаны ад усяго сьвету і навет да бліжэйшых суседніх вёсак перапраўляюцца ў чаўнох.

Пінскія балоты.

На левым беразе Прыпяці мяйсцовасьць адразу вышэе на некалькі сажняў і пераходзіць у высокую раўніну, якую называюць звычайна Загародзьдзем.

Загародзьдзе займае клін паміж ракою Ясельдаю і яе прытокам Пінаю і цягнецца на захад аж да р. Мухаўца. Загародзьдзе на ўсім яго досіць вялікім прасторы не перасякае ні адна значная рэчка, так сама і балотаў спатыкаецца вельмі мала і то найбольш па краёх Загародзьдзя, за Пінаю і Каралеўскім каналам. Грунты Загародзьдзя гляістыя, ураджайныя. Жыхары жывуць густа і багата і займаюцца найбольш земляробствам. Лясы ў Загародзьдзі павысяканы; засталося іх вельмі мала (ка-