Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У паўночнай часьці Берасьцейскага павету, якая мае шмат супольнага з суседнім Бельскім паветам ляжаць між іншым старасьвецкія мястэчкі — Высокае і Камянец.[1]

Высокае мае каля 5 тыс. жыхараў, занятай гандлем і промысламі. Славіцца Высокае вельмі добра пастаўленаю гаспадаркаю ў яго ваколіцах. Адгэтуль выйшлі беларускія сарты збожжа: Высока-Літоўская пшаніца і жыта. Разводка заводзкага насеньня і цяпер вядзецца ў шырокіх разьмерах. У тутэйшым двары надзвычайна харошы парк. Камянец — значнае мястэчка (каля 7,500 жыхараў) на краю Белавежскае пушчы. Ад старых часоў (з XIII веку) перахавалася тут вежа, набудаваная валынскімі князямі, якая служыла для абароны. Завуць яе „стаўпом“.

Старое дрыгвіцкае места, Берасьце або як яго яшчэ называюць Брэст-Літоуск, — ляжыць над Бугам, пры ўпадзе ў яго Мухаўца. Лежачы ў самым паўднёва-заходнім куце Беларусі, Берасьце ўвесь час было прычынаю спрэчак паміж рознымі дзяржавамі. Валадалі ім палякі, розныя ўкраінскія князі, нападалі татары, аж пакуль не адыйшоў ён пад Літву. У XV-XVI вякох Берасьце зрабілася вялікім і багатым горадам. У гэтыя часы тут моцна разьвіўся рэфармацкі рух, была заложана друкарня, у якой друкавалася кальвінская біблія. У Берасьці было шмат старасьвецкіх манастыроў, касьцёлаў, і цэркваў, але ў 1831 гаду ў Берасьці пачалі будаваць крэпасьць і большую частку гэтых сьвятыняў абярнулі пад казармы, альбо зусім зьнішчылі.

З Берасьця ў 6-х кірунках, разыходзяцца чыгункі, ёсьць некалькі шосаў. Апроч таго Мухавец і Буг з‘яўляюцца надзвычайна важнымі воднымі шляхамі. Дзякуючы такому свайму палажэньню Берасьце мае вялікае гандлёвае значэньне.

Прамысловасьць у Берасьці так сама пачынае разьвівацца. Цяпер ёсьць некалькі сотняў дробных прадпрыемстваў з 1200 работнікамі. Усіх жыхараў — каля 50 тысяч.

Берасьцейскі павет досіць рэзка дзеліцца на дзьве часткі. На поўнач ад Берасьця грунты гляістыя, ураджайныя, насяленьне жыве густа, лясоў мала. На паўдня ад Берасьця — звычайнае Палесьсе з пяшчанымі беднымі грунтамі, з рэдкім насяленьнем, багатае на лясы і балоты. На паўдня ад Берасьця жыве народ найбольш падобны да жыхараў Пінскага і Кобрынскага паветаў — пінчукоў.


  1. Іх у літэратуры звычайна называюць Літоўскімі (Высокае-Літоўскае, Камянец-Літоўскі), дзеля таго, што яны належылі, як і ўся Беларусь — да Літвы і на тое каб адрозьніць іх ад іншых местаў з такім самым назовам. Ведама што ніякіх ліцьвіноў тут няма.