Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мескага насяленьня у вялікіх прамысловых мястэчках гаспадарка стаіць высака. Грунты Беласточчыны хоць камяністыя, але досіць ураджайныя; ёсьць аднак шмат пяскоў і балотаў, асабліва ўздоўж р. Бабра. Затое ў Беласточчыне вельмі добрыя сенажаці.

У Бельскім павеце прамысловасьць мае ўжо меншае значэньне: на першы плян выступае гаспадарка. Грунты тут вельмі добрыя, клімат лагодны. Дзеля таго тут сеюць вельмі многа азімкі — пшаніцы, а так сама шмат садоў і добрых гародаў.

Апроч досіць старога павятовага места Бельска з 9 тыс. жыхараў, у павеце ёсьць вялікія і прамысловыя мястэчкі Бранск, Семяцічы, Цехановец і інш. Бранск-заходні (не мяшаць з Бранскам з над Дзясны) над р. Нурцом — мае больш 7 тыс. жыхараў. Вельмі старое места. Цяпер у ім ёсьць вялікая гарбарня, ткацкая хвабрыка і млын. Семяцічы — на паўдні павету значные мястэчка з 6 тыс. жыхараў. Есьць табачная і суконная хвабрыкі. У XVIII в. княгіня Ганна Сапяжанка залажыла бібліатэку, габінэты натуралістычны, фізычны, музэй старасьветчыны і шмат хвабрыкаў. Усё гэта пасьля яе сьмерці развалілася. Княгіня між іншым клапацілася і над доляю сялянства. Яна напісала 8 томаў статутаў для сялянства і подлуг гэтых статутаў упраўляла ў сваіх дварох. Яна старалася прывучыць народ да супольнага, грамадзкага жыцьця, заводзіла коопэратывы. У яе часы Семяцічы далёка былі вядомы. З усіх бакоў з‘яжджаліся сюды, каб прыгледзіцца да новых парадкаў, паглядзець на вучоныя габінэты і музэі.

На харошых усхонаватых берегох Бугу стаіць стары Драгічын — адзін з важнейшых дрыгвіцкх гарадоў. Шмат бачыў ён за сваю гісторыю. Цяпер гэта невялікае мястэчка. Цікавая тут досіць высокая Замковая гара, якая ўздымаецца над самым Бугам, а на ёй руіны замку, пад‘зямельлі. Буг што году ўсё больш і больш падмывае Замковую Гару.

На абодвух берагох Нурца ляжыць прамысловае мястэчка Цехановец з 5 тыс. жыхараў. Есьць у ім некалькі суконных хвабрыкаў, 2 млыны, цагельня, бровар. Ваколіцы Цеханоўца заселены дробнаю шляхтаю, якая моцна спольшчылася.

Невялікае мястэчка Кляшчэлі ляжыць пры крыжаваньні чыгунак, што абяцае яму з часам шыбкае разьвіцьцё. Цяпер Кляшчэлі славяцца разводкаю гароднага насеньня, найгалаўней — агурковага, і хмелю.

У Бельскім-жа павеце знаходзіцца м-ка Мельнік. Проці яго за Бугам стыкаецца беларуска-польская і беларуска-украінская межы. Мельнік старое мястэчка. Цяпер яго жыхары займаюцца паленьнем вапны, якую капаюць у акалічных горах.