Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ярох і ў рачных далінах сустракаюцца вялікія прасторы пескавога грунту, на якім растуць хваёвыя бары.

У лесастэпу зямля ўсё ж вельмі багатая і добра родзіць збожжа. Толькі трэба ўмець на ёй гаспадарыць, бо інакш можна зьвесьці зямлю на чыстую пустыню.

Перанясёмся цяпер думкаю з нашага Чарнігаўскага лесастэпу на другі канец Беларусі, у Віцебшчыну.

Добра жыць у гэтым краю, ды цяжка гаспадарыць — зямлю робіць. Куды ні глянь — усё горы ды горы. Едзеш па дарозе, дык усё альбо пад гару альбо з гары; рэдка, рэдка трапіцца поўвярсты роўнага мейсца. Апрыч таго, усюдых як-бы пасеяна каменьня; ляжыць яно і паасобку і цэлымі грудамі альбо гнёздамi, а то дык і вялікае поле скрозь бывае завалена каменьнем. Асабліва многа каменьня на ўзгорках. Горы найчасьцей паабрасталі лесам — елкамі, хвоямі. Дзеля гэтага ўсюдых вока ўпіраецца ў лес. Горы гэтыя бываюць стромкiмi. Найчасьцей яны памалу падымаюцца над нізінаю, а зьверху роўныя, гладкiя як-бы рукой прагладжаны.

Паміж гораў ляжаць глыбокія вазёры. Увесь край чыста зрэзаны гэтымі вазёрамі. Дарога мусіць дзесятак вёрст круціцца паміж іх, каб выйсьці на другi бок возера за якую вярсту. Гэты край гораў, каменьня і вазёраў называюць морэнным краем.

А вось яшчэ адзін абразок, якi вельмі часта можна сустрэць на Беларусі. Невялікая роўненькая палянка. Навокал, як вокам сягнуць, хваёвы бор. У рагу палянкі з бору выплывае рэчка, ля рэчкі стаіць невялікая шэрая вёсачка, а ад яе па ўсёй палянцы цягнуцца роўныя зялёныя шнуры сялянскага збожжа. Ніводнага ўзгорка — усё роўна, як у стэпу. Але няма і тых яроў ды далінаў глыбокіх — у рэчцы вады поўныя берагі, рачное далiны зусім блізка ня знаць. Ціха цячэ гэтая вада па нязначнаму спаду, аж пакуль яе што не задзяржыць. А як задзяржыць яе што, яна разьліваецца шырака і зробiць на мейсцу поля балота.

Трапляецца часамі, што гэткае балота цягнецца на дзесяткі вёрстаў. На гэткім балоце травы расьце досiць трава благая, балоцiна, але шмат яе. Сяляне цярэбяць лазу, якою вельмi скора абрастаюць гэткiя балоты, і вось зьяўляюцца вялізарныя сенажаці.

Зямля тутака ўсюдых вельмі лёгкая — пясок. Ураджай з яе малы, дык народ па большай часьці з сена жыве, ды жывёлу гадуе.

Часамі бывае лясы высякаюць. Тады далёка-далёка, як вока сягае, вiдна ўсё тая самая раўніна з роўнымі паскамі нівы з абшырнымі балотнымі сенажацямі, аж пакуль недзе на гарызонце нi пакажацца палоска лесу.

Гэты край пясковых раўнінаў, паросшых хваёвымі барамі, называюць палесьсем.