Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Горадзен ляжыць як раз недалёка ад таго мейсца, дзе Нёман, найбліжэй падыйшоўшы да рэк сыстэму Віслы (Бобр) і вялікіх мазурскіх азёраў, што ляжаць у Прусах на бліжэйшай дарозе да мора, крута заварачуецца і цячэ ўжо далей на поўнач у краіны літоўскія.

Мяйсцовасьць з такім добрым географічным палажэньнем была пэўне-ж заселена яшчэ ў самыя далёкія дагістарычныя часы. Гісторыя-ж застае тут дрыгвічоў, якія, пэўне, прыплыўшы па Нёмну, занялі гэты важны пункт і ўсю яго ваколіцу. На беразе Нёмна пабудавалі яны замак Горадзен (абгароджаны сьцяною) і адгэтуль пачалі разсяляцца далей па Бабру і ўніз па Нёмну сярод дзікіх бязлюдных пушчаў, што ляжалі ўздоўж гэтых рэкаў, аж пакуль не дайшлі да літоўскіх сялібаў на поўначы і захадзе.

З часам Горадзенскі замак быў яшчэ больш умацаваны, а каля яго вырасла вялікае і багатае места, меўшае шырокія гандлёвыя зносіны. Яго разьвіцьцю аднак моцна перашкаджалі напады чужынцоў на гэты, далёка на захад высунуты, клін беларускае зямлі. Праз XII і XIII вякі места некалькі разоў забіралі, палілі і рабавалі рыцары-крыжакі, палякі, украінцы, татары. Беларускія Горадзенскія князі і выгадаванае ў бітвах насяленьне моцна баранілі роднага места.

Урэшце Горадзен, як і ўся Беларусь апынуўся пад Літоўскімі князямі. Вялікія Князі Літоўскія вельмі любілі Горадзен, часта і падоўгу тут жылі. Так сама пасьля ўпадабаўся Горадзен каралём польскім. Апроч свайго хараства быў гэта з вялікіх беларускіх гарадоў найбліжэйшы да Польшчы. Найбольш у Горадні жыў слаўны кароль польскі Стэфан Баторы. Ен-жа пабудаваў тут каменны замак, які істнуе і да нашых часоў (Стары Замак).

Пазьней Горадзен зрабілі сэймовым местам і кожын па чародзе трэці сойм адбываўся тут у сумысьле на тое пабудаваных палацах. Тут былі каралеўскія канцэлярыі, а ў канцы XVIII веку сюды пераведзены быў Галоўны Трыбунал (суд) і Грашавая Камісыя (міністэрства фінансаў). Урэшце ў Горадні адбыўся сойм, які згодзіўся аддаць большую часьць Беларусі Маскоўцам, падпісаны быў акт аб другім падзеле Польшчы ў 1793 гаду і тут-жа яшчэ цераз два гады апошні кароль Польскі выракся свайго каралеўскага пасаду, дый з Горадні-ж выехаў ён на заўсёднае жыцьцё ў Пецярбург.

У гісторыі гэтага старасьвецкага места, як мы бачым, адбыліся найвыразьнейшыя абразы нешчасьлівага саюзу Беларуска-Літоўскае Дзяржавы з Польшчаю. Як раз у мурох гэтага беларускага места гісторыя наймацней пакарала Польшчу за зьніштажэньне незалежнасьці Беларуска-Літоўскае Дзяржавы.

З старых будынкаў (а ёсьць іх у Горадні даволі) асаблівай увагі варта Барысаглебская царква, што знаходзіцца ў Каложы (прадмесьце Горадні за р. Гараднічанкаю, проці Замку). Царква