Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гэтая стаіць ля самага берагу Нёмна і дзеля таго чэстка яе сьценаў разам з берагам абвалілася. Царква будавана у бізантыйскім стылю; яе сьцены маюць у сярэдзіне ўмураваныя гаршкі — галасьнікі для лепшага гуку сьпеваў. Зьверху над гэтай цэннай памяткай старасьвецкага беларускага будаўніцтва зроблена дзераўляная павець.

З касьцёлаў найбольшае ўвагі па свайму хараству заслугуе Фарны (даўней езуіцкі) касьцёл, будаваны ў XVII веку. У капліцы пры гэтым касьцеле ёсьць цудоўны абраз Багародзіцы; на сьценах гэтае-ж капліцы зьмешчаны старасьвецкія абразы цудаў Прач. Багародзіцы, на якіх мы можам пабачыць між іншым старасьвецкія беларускія вопраткі, павозкі і г. д.

Есьць яшчэ некалькі старых касьцёлаў і цэркваў — прыкл. у манастыры Брыгітак, Бэрнардынаў і г. д., якія найбольш пабудаваны ў XVII веку. У мурох Барысаглебскага манастыра зьмяшчаецца адна з першых і лепшых беларускіх школак.

Асаблівай увагі варт стары замак Горадзенскі, пабудаваны ў часы Баторыя, ў XVI в. Стаіць ён у вясёлым мейсцы на высокім беразе Нёмна пры самым утоку р. Гараднічанкі, а ад места ён аддзелены глыбокім ровам, цераз які перакінуты стары каменны мост. Стромкія спады гары паабрасталі густым хмызьняком, а ўнізе плыве стары Нёман. Зьверху-ж, з замку адкрываюцца цудоўныя віды ў далячыню на пяшчыстыя берагі Нёмна і надбярэжныя хваёвыя бары.

У канцы XVIII веку Горадзен з культурнага і прамысловага боку стаў адным з першых местаў у Беларусі. Падскарбі Літоўскі (міністар фінансаў) Антоні Тызенгаўз залажыў тут вэтэрынарную і мэдыцынскую, каморніцкую і архітэктурную школы, бібліатэку, батанічны сад, кадэцкі корпус, тэатр, балет і аркестр, друкарню і славалітню (дзе робяць друкарскія шрыфты) і выдаваў газэту. Зьбіраўся пабудаваць абсэрваторыю астранамічную і ўвесь час меў на думцы, каб залажыць у Горадні Акадэмію Навукаў.

Вельмі многа зрабіў Тызенгаўз і ў справе эканамічнай. Апроч усякіх палепшаньняў у гаспадарцы каралеўскіх маемасьцей, якімі ён загадаваў, апроч правядзеньня дарогаў, асушэньня балотаў, пракапаньня Каралеўскага Каналу, ён залажыў у Горадні, глаўным чынам у яго прадмесьці Гародніцы, паложанай на правым беразе р. Гараднічанкі і ў Ласосьне — за Нёмнам, каля 15 хвабрыкаў: палатняную, якая па сваім вырабам была нягорш вядомых галяндзкіх хвабрыкаў, суконную, шаўковых вырабаў, аксамітаў, хвабрыку мэталёвых вырабаў, карэтную і інш. Больш 3000 чал. працавала на гэтых хвабрыках. Аднэй толькі вышэйшай адміністрацыі (выпісанай з-заграніцы) было каля 70 чалавек. Паадкрываны былі хвабрычныя крамы па ўсім краю. А ў Гораздні заложаны быў банк і гандлёвая кантора, якая зносілася загранічнымі фірмамі.