Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сярэдзіна Наднёманскае краіны мае мала лясоў; часта спатыкаюцца зусім бязлесныя мяйсцовасьці, дзе на дзесяткі вёрст наўкола няма лесу. За тое ўздоўж межаў краіны, цягнуцца вялікія лясы — пушчы. Паўночныя наднёманскія пяскі займаюць пушчы Горадзенская і Аўгустоўская. З усходу ідуць Дакудаўскія лясы — ля Нёмна, і цэлы лесны паяс уздоўж пяшчанага правага берагу Шчары. Урэшце на паўднёвых адхоноватых спадах Ваўкавыскага ўзгор‘я, ляжыць слаўная Белавежская пушча.

У лясох расьце ўжо шмат ліставога дрэва; спатыкаюцца і цэлыя ліставыя лясы, напр. дубнякі. На паўднёвым усходзе ў Слонімскім і Пружанскім паветах ляжаць абшырныя балоты, праўда ўжо моцна падсушаныя. Частка іх улетку ўжо косіцца. Сенажацяў наагул уздоўж рэкаў краіны ёсьць шмат; гэта дазваляе трымаць больш скаціны.

Гаспадарка ў Наднёманскай краіне стаіць высака і да таго-ж ня толькі ў дварох, а і на вёсках. На лёгкіх грунтох, якіх ў краіне найбольш, дзе даўней сеялі толькі авёс ды грэчку, цяпер садзяць шмат бульбы, сеюць канюшыны, сарадэлі і інш. Найбольш сеюць, ведама, жыта, аўсу, а пасьля бульбы. Сеюць так сама і ячмень і грэчку пры чым грэчкі тут сеюць больш, чымся ў суседніх краёх. Гадуюць заводзкую скаціну: коней, сьвіньні. Разводзяць значныя сады і гароды.

Як мы ведаем, цераз краіну праходзіць апрача Нёмна яшчэ Шчара, злучаная з Прыпяцьцю Агінскім каналам. Гэтыя вадзяныя дарогі, калі-б былі добра выкарыстаны, маглі-б моцна падняць эканамічнае жыцьцё краю. Цяпер яны служаць найбольш для сплаву лесу, даючы заробак насяленьню, асабліва ў Пружанскім і Слонімскім паветах.

Па ўсім краі разсыпана шмат дробных мястэчак, населеных найбольш жыдамі. У мястэчках звычайна шмат рамяснікоў, а ў некаторых вырастаюць і хвабрыкі як, прыкладам, у мяст. Крынках. З прамысловага боку Наднёманская краіна досіць разьвіта. Найбольшы прамысловы цэнтр — Горадзен. Моцна йдзе ў гару і Слонім.

Апроч вадзяных дарог краіна досіць багата чыгункамі і асабліва шосамі. Краіну перасякаюць 7 чыгункавых лініяў і шмат шосаў. Есьць 5 вузлавых станцыяў: Горадзен, Ваўкавыск, Ліда, Масты і Гайнаўка. З Горадна разыходзяцца чыгункі ў 4 кірунках, а шосы ў 5-х.

Важнейшыя мяйсцовасьці:

На высокім правым беразе Нёмна, пры ўтоку р. Гараднічанкі разьлёгся паміж лясістых глыбокіх яроў стары Горадзен альбо, як яго часьцей называюць Горадня. Гэта адзін з цікавейшых і харашэйшых беларускіх гарадоў, астравок старое эўропейскае цывілізацыі сярод безканечных наднёманскіх пушчаў.