Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

радка да Горадні. На паўдня ад Нёмна разьлягліся невялікія і нявысокія ўзгор'і (Ваўкавыскае, Горадзенскае), разьдзяляючыя басэйны Нёмна і Віслы.

Ваўкавыскае ўзгор‘е цягнецца на ўсход ад. м. Ваўкавыску, ў Ваўкавыскім і Слонімскім пав. да р. Шчары і дзеліцца папалам глыбокаю далінаю р. Зальвянкі. Вышыня яго каля 100—120 сажняў. На паўдня ў Пружанскім пав., ступянёва і нязначна зьніжаючыся, пераходзіць яно ў палескую нізіну. Горадзенскае ўзгор‘е ляжыць на паўдня і на захад ад Горадні — у Сакольскім, Горадзенскім і Аўгустоўскім паветах. Вышыня яго меншая крыху, чымся Ваўкавыскага, але ўсё-ж даходзіць 100 сажняў. Дзякуючы гэтаму ўзгор‘ю, Нёман пад Горадняю мусіць крута павярнуць на поўнач.

Далей на захад ляжыць шырокая пескавая даліна р. Бабра, якая цягнецца да самага Нёмна. У часах ледавіковых па гэтай даліне плыў Нёман, уліваючы свае воды праз Нарэў у Віслу. Пасьля Нёман прабіўся праз скалы Сувальскага ўзгор‘я і пабег на поўнач. Яго дно сталося балотнаю далінаю р. Бабра. Цяпер старым сьледам Нёмна йдзе Аўгустоўскі Канал, што злучае Нёман з р. Бабром. На захад ад каналу падыймаецца значнае і высокае Сувальскае узгор‘е. Большая яго частка знаходзіцца ўжо за межамі Беларусі.

Урэшце на ўсходзе краіны ў Слонімскім пав., за р. Шчараю ляжыць значная частка Наваградзкага ўзгор‘я, якое даходзіць тут значнай высачыні (вышэй 140 сажняў). За тое паўднёвая частка Слонімскага пав. мае характар ужо чыста палескі і нічым ня розьніцца ад суседняе з ёю паўночнай Піншчыны.

Клімат Наднёманскае краіны цяплейшы і мягчэйшы, чымся ўсіх папярэдніх, што зусім зразумела. Наднёманская краіна моцна пасунута на паўдня і захад, калі прыраўнаваць яе нават да Менскае, альбо Віленскае краінаў. Зіма тут бывае мягкая, сьнег у адлігу часта сходзіць. Затое ўлетку ідзе больш дажджоў, неба пахмурнейшае. Сярэдняя гадавая тэмпэратура каля + 7°. Блізкасьць мора моцна ўплывае на клімат гэтае краіны. (Ад Аўгустова да мора — 170 вёр.).

Грунты краіны ў большасьці — лёгкія супяшчаныя, досіць ураджайныя. Паміж супяскоў, на больш павышаных мяйсцовасьцях, ляжаць астравамі — цяжэйшыя суглінкі, гэтак званыя пшанічныя землі. Але за тое спатыкаецца досіць многа і зусім бедных пяшчаных грунтоў. Найбольш іх у Слонімскім пав. на правым беразе Шчары, а так сама ля Нёмна ў Горадзенскім пав. (правы бераг) і ў Аўгустоўскім (левы бераг). Хаця большая частка гэтых пяскоў ляжыць пад лясамі, але шмат ужо лясоў парасьцярэблівана. Не заўсёды ўмеў аднак гаспадар скарыстаць з пяшчанага грунту; часта вецер раздзьмухуе палеткі і робіць на іх мейсцы сьветла-жоўтую пяшчаную пустыню — выдму.