Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

3 Польшчаю мяжа iдзе ад м. Мельнiка, што ляжыць на р. Бугу, па гэтай рацэ ўніз, пасьля па рацэ Нурцу і далей пераходзіць на рэкі Нарэў і Бобр. Зыйшоўшы з Бабра, граніца кіруецца на Аўгустоў, а адтуль ідзе проста на Друзгенікі, і пераходзіць ужо ў край Літоўскі. Далей граніца з Літвою йдзе праз мястэчкі Дубічы, Эйшышкі, Біняконі, Рудзішкі, Еўе, Падбярэзьзе, Сьвянцяны, Відзы і Езëросы (Нова-Аляксандраўск).

За Езёросамі пачынаецца мяжа з латышамі. Яна йдзець праз Ілукшту, Вышкі, Дагду, Люцын, і да Корсаўкі. Ад Корсаўкi пачынаецца мяжа з Маскоўшчынаю. Яна йдзець праз Апочку, Вялікія Лукі ў кірунку на Ржэў і Зубцоў. Адтуль-жа паварочавае на паўдня і йдзе ў кірунку на Дарагабуж. Не даходзячы гэнага места, граніца паварочавае крыху на ўсход, а пасьля ідзець ізноў у паўднёвым кірунку на места Бранск і далей па рацэ Дзясьне да мястэчка Грэмяча. Ад Грэмяча ўжо пачынаецца Беларуска-Украінская граніца.

Гэная граніца ад Грэмяча ідзе́ць на поўдзень і паўднёва-заход, перасякаючы папалям Чарнігаўшчыну аж пакуль ня трапіць да Дняпра каля м. Любеча. Ад Любеча мяжа йдзе ўніз па Дняпры да ўтоку Прыпяці і там трапляе на старую гістарычную мяжу Беларусі з Украінай, якая йдзе́ нераз пустынныя лясы і балоты, што ляжаць на паўдня ад Прыпяці. Гэная мяжа ў нядаўныя часы разьдзяляла Менскую і Горадзенскую губэрню ад Валынскае.

Гэткім парадкам даходзіць мяжа Беларусі да Бугу і далей iдзець уніз па iм да м. Мельніка. У Мельніку канчаецца мяжа з Украінаю і пачынаецца мяжа з Польшчаю.

На нашых межах з Маскоўшчынаю праз уве́сь час гісторыі Беларусі ішлі войны, якія спусташалі месты і вёскi i не давалі людзëм добра асесьці і завесьці гаспадарку. Дзеля гэтага тамака даўнейшае поле пазарастала лесам і цяпер Беларусь ад Маскоўшчыны аддзяляюць вялікія лясы — Окоўскія, Бранскiя i iншыя. Ад Украіны Беларусь аддзелена альбо глыбокімі рэкамі, альбо непраходнымі балотамі. Вялікія пушчы растуць і ўздоўж нашых межаў з Польшчаю (Белавежская, Горадзенская) дый балотаў там даволі. А па нашых межах з Літвою ды Латвіяй няма ні лясоў вялікіх, ні рэкаў, ні балотаў; толькі ось азёраў ёсьць даволі. Ды нам і непатрэбны з таго боку моцныя межы, з гэтымі нашымі суседзямi беларусы заўсёды хаўрусавалі і жылі ў згодзе.

Адміністрацыйнае дзяленьне.

Да вайны 1914 году ўся Беларусь была падзелена на губэрні і паветы. Усіх беларускіх паветаў 62-65. Яны падзелены паміж губэрнямі: Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Менскай, Магілеўскай, Смаленскай і Чарнігаўскай. Апроч гэтых губэрняў да Беларусі трэба залічаваць і суседнія паветы іншых губэрняў.