Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лічыня вёсак тут з большага такая самая, як і ў Наддзьвіньні (каля 50 чалавек у вёсцы) і так сама на захадзе крыху меншыя вёскі, на ўсходзе — большыя. Вясковае насяленьне займаецца гаспадаркаю і толькі ў лясістых частках Ашмянскага і Вялейскага пав. маюць значэньне лесавыя заробкі.

На полі сеюць жыта, з ярыны найбольш аўсу, ячменю і бульбы. Грэчкі сеюць вельмі мала. На лепшых грунтох спатыкаецца пшаніца. Гаспадарка стаіць досіць высака, асабліва ў дварох. Часьцей, чымся дзе, можна сутрэць тут заводзкую карову, каня, садок ля хаты, лубін на пяскох.

Хатнія рамёслы разьвіты слаба, навет ткацтва. Народ тут носіць найбольш крамную тандэтную вопратку; саматканы ўжываюцца толькі да работы. За тое ў мястэчках шмат рамясьнікоў. Мястэчкаў наагул шмат і ў іх ідзе бойкае гандлёвае і прамысловае жыцьцё. Усе яны вельмі цесна зьвязаны з Вільняю.

Вільня - культурны і эканамічны цэнтр усяе Беларусі і Літвы, сталіца вялікіх князёў літоўска-беларускіх, найбольшае места на ўсім прасторы Беларусі. Ляжыць Вільня ў катліне акружанай з усіх бакоў гарамі. З захаду і паўдня, ідуць Панарскія горы, а з усходу, ля самае Вільні, высяцца пяшчаныя горы — Замковая, Трохкрыжавая і Бякешовая. З поўначы катліну замыкае ўзгор‘е Шашкіні. Пасярод катліны цячэ Вяльля і тут у яе, у падножжа Замкавае гары, ўпадае Вялейка. Вільня пабудавана на левым беразе Вяльлі, пры ўтоку Вялейкі.

Хаця лягенда прыпісуе залажэньне Вільні Гэдыміну і адносіць яго да пачатку XVI веку, аднак можна з пэўнасьцю сказаць, што Вільня куды старэйшая. Хто і калі яе залажыў, навет які народ — нямаведама. У летапісі першая вестка аб тым, што віленцы выбралі сабе за князя аднаго з беларускіх полацкіх князёў — Расьціслава (унука Усеслава Чараўніка); было гэта ў 1128 гаду. Гэта дазваляе нам лічыць, што Вільня ад самага пачатку была беларускім местам. Пасьля, калі вялікія князі літоўскія перанесьлі сюды сваю сталіцу і абкружылі сябе беларускім баярствам, Вільня перахавала свой беларускі характар. Ліцьвіны займалі толькі паўночную частку гораду, каля Замкавае гары, каторая і звалася Літоўская Палавіца. Беларуская палавіца займала паўднёвую частку Вільні, пад Вострую Браму.

Вільня тых часоў была вялікім, багатым і культурным местам. Насяленьня у ёй было да 200 тысячаў; апроч беларусоў і ліцьвіноў, было шмат жыдоў, немцаў і інш. Прыдворнае жыцьцё вымагала раскошы і вяльможы, жывучы самі ў Вільні, сьцягавалі з усяго прастору дзяржавы ўсё, што было лепшага ў іхніх маемасьцях, а перад усім лепшых майстроў, рамясьнікоў. У сталіцу зьяжджаліся і ўсе лепшыя культурныя сілы. Затым у Вільні былі вельмі моцна разьвіты рамёслы, было шмат школаў, друкарняў. Урэшце красавала тады і гандлёвае жыцьцё