Старонка:Географія Беларусі.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усім добра ведама, што ад таго, які дзе ёсьць грунт, залежаць і ўраджаі і дабрабыт вясковага насялення. Ў Беларусі, экономічнае жыцьцё якой заснавана на гадоўлі расьлінаў, грунты йграюць асабліва важную ролю, а іхняя надзвычайная рознароднасьць на самых невялікіх прасторах кладзе свой рэзкі знак на беларускія краявіды; гэта усё прымушае нас зьвярнуць асаблівую ўвагу на беларускія грунты.

Мы ўжо ведаем, што першыя часы пасьля ледавіковага пэрыаду ўвесь прастор Беларусі быў пакрыты ледавіковым (морэнным) матэр‘ялам і што зьверху каменьне, прынесенае ледавіком пакрысе рассыпалася, аж пакуль з яго ня зробілася ўперад жарства, а пасьля гліна і пясок. Ведаем яшчэ, што на паўднёвым усходзе Беларусі ляжаў між іншым і лёсс, які асеў з пылу, што прынесены быў ветрам з поўначы. Вось на гэтых глінах, пяскох ды лёссе і павырасталі грунты. Грунты ствараюцца з горных пародаў[1] пры помачы расьцінаў і мікраарганізмаў. На дзікой скале пасяляюцца ўперад самыя непераборлівыя расьціны — лішайнікі, імхі і інш. Пасьля зьяўляюцца ўсё балей і балей пераборлівыя, вышэйшыя расьціны. Усе яны ўміраючы перагніваюць на зямлі і ўгноіваюць зямлю для тых расьцінаў, што растуць пасьля іх. Вось-жа дзікая гліна альбо жвір угноены рэшткамі перагніўшых расьцінаў ці перагноем і робіцца грунтам. У грунце пашыраецца карэньне траў і збожжа, ворны грунт пераварочуе гаспадар сахою і бараною гатуючы яго да сяўбы.

Характар і якасьць грунту залежаць перад усім ад таго, з якое горнае пароды ён стварыўся: на цяжкім гляі — творыцца гляісты грунт, на пяску пяшчаны. Як бачым, навет назвы грунтоў часта паходзяць ад горнае пароды, з якое яны стварыліся. Апроч таго характар грунту залежыць ад клімату, ў якім грунт стварыўся, бо кожны клімат мае сваю расьліннасьць і пры помачы яе на аднэй і тэй самай горнай пародзе розныя кліматы ствараюць розныя грунты; ад клімату залежыць і запас вільгаці ў грунце, дый наагул, ўвесь ход выветраваньня горных пародаў.

Мы ўжо казалі, што ў старадаўныя часы ўся Беларусі была пад лесам, апроч паўднёва-ўсходняга краю. Тамака ляжал стэпы. Праўда, пасьля і там парос лес, але ўсё ж стэп пакінул па сабе вельмі значныя сьляды, дзеля чаго і паўднёва-ўсходні: край завуць лесастэпам. Грунты лесастэпу моцна розьняцца ад грунтаў лясное Беларусі і дзеля таго мы іх будзем разглядаці асобна.

Грунты лясное Беларусі (Дзярновыя) ня вельмі багаты перагноем. Хоць у лесе перагнівае досыць многа рэштак расьцінаў, але перагною шмат ня зьбіраецца. Гэта дзеля таго, што тут вельмі многа вільгаці. Дзякуючы вільгаці робяцца перагнойныя кісьлі. Гэтыя кісьлі апушчаюцца ў ісподнія пласты грунту, вымываючы з усяго грунту шмат частак яго пажыўных для расьцінаў. Ад гэтага грунт робіцца бялейшым, найбалей яго ісподні пласт; гэты пабялеўшы, выпаласканы грунт завецца падзолістым.

Бывае, што грунт бялее да самага верху і падобны зьверху да попялу. Тады яго завуць падзолам. Падзол, калі ён мокры — сьлізкі, як высахне — цьвярцзее, і з яго робіцца пыл. Гэтым ён прыпамінае гляісты грунт. Але з яго ўсе пажыўныя для расьцінаў часткі выпаласканы. Дык падзолы — вельмі бедныя грунты. Па ўраджайнасьці яны стаяць можа ніжэй навет за пяшчаныя

  1. Гліна, пясок, усялякае каменьне ды іншыя матар’ялы, з якіх складаецца зямная кара, называюцца горнымі пародамі.