Старонка:Географія Беларусі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


§3. ПРАСТОР І НАСЯЛЕНЬНЕ БЕЛАРУСІ Ў ПАРАЎНАНЬНІ З ІНШЫМІ КРАЯМІ.

Прастор, які займае Беларусь, як бачым, немалы. Перавёўшы на дзесяціны гэта будзе каля 30 міліёнаў дзесяцін. Сярод культурных краёў ня шмат ёсьць такіх, якія-б мелі зямлі больш, чым мае Беларусь: большая частка дзяржаваў у Эўропе займае меншы прастор.

Цікава, што роўна з Беларусяю, а часамі й менш зямлі маюць такія навет народы, якія лічацца цяпер найдужэйшымі (калі ня лічыць, ведама, іхніх калёніяў), як прыкл. Англія (314 тыс. кв. клм.), Італія (257 тыс. кв. клм.). Наагул, больш за Беларусь зямлі маюць усяго толькі 10 эурапейскіх дзяржаваў. Нямеччына мае зямлі ў 1½ разы больш, Францыя ў 2 разы, гэтак сама блізка і Украіна, а Маскоўшчына (лічачы толькі прастор, заселены самымі маскоўцамі) — ў 6 разоў большая за Беларусь.

З другога боку некалькі дзесяткаў эурапейскіх дзяржаваў маюць зямлі па менш за Беларусь. Грэцыя і Чэхія маюць аж у 2 разы менш зямлі, чым у нас, Баўгарыя — ў 3 разы; а нашыя суседзі Латвія, Літва і Эстонія — ў 5-7 разоў меншыя за Беларусь; урэшце Голяндыя і Бэльгія меншыя па прастору за Беларусь у 10 разоў.

Шмат зямлі ёсьць у Беларусі, ды рэдка народ у ей жыве. Большая часьць зямлі ляжыць у нас пад бесканечнымі лясамі, пад дзікім балотам. Ворнае зямлі ў нас ня шмат, дый на тэй, якая ёсьць, гаспадарыць наш земляроб блага, бо ляпей ня ўмее. Вось-жа і жыло на ўсім прасторы Беларусі перад вайною ўсяго толькі 14 міліёнаў людзей. Праўда, насяленьне ў нас дужа шыбка прырастае, — за 5 гадоў прырастае яно на 1/10 (па 2% ў год). Дык, калі-б усё было спакойна, цяпер на Беларусі было-б мо якіх 16, калі ня больш, міліёнаў насяленьня. Але здарылася вайна, шмат беларусаў загінула ў бітвах, ад хваробаў і ран, шмат разсыпалася па сьвеце, а найбольш, бо нешта аж каля 3 міліёнаў, людзей, было выселена расейскім урадам з Заходняе Беларусі — ў глыбіню Расеі, ў бежанства. Вось-жа гэтыя прычыны зрабілі тое, што цяпер у Беларусі жывець не 16 міліёнаў, а, як аблічаюць некаторыя аўтары, ўсяго толькі каля 10 міліёнаў жыхараў.

У Заходняй Эўропе, пры тамашняй гушчыні насяленьня, на гэткім прасторы жыло-б можа міліёнаў 40—50, калі ня больш народу.

Дзеля гэтага па ліку насяленьня эўрапейскія дзяржавы ўжо ня ў 2 разы большыя за Беларусь, а ў 3, 4 і 5 разоў; Нямеччына-ж большая навет у 6 разоў (мае каля 60 міл. насяленьня). Англія мае жыхараў у 5 разоў больш, Францыя і Украіна — ў 4 разы, Італія ў 3 разы, Румынія ў 1½ разы. Аднак Чэхія і Югославія маюць насяленьня блізка што роўна з Беларусяю (11-12 міл.) Іншыя-ж эўрапёйскія краі маюць насяленьня шмат менш за Беларусь: Грэцыя, Швэдзія, Голяндыя, Баўгарыя — ў 2 разы, Фінляндыя, Літва — ў 3-4 разы менш, а Латвія, Эстонія ды інш. ў 7-10 разоў менш. Значыць па агульнаму ліку жыхараў Беларусь таксама досіць высака стаіць у сьпісе эўрапейскіх краёў — прыбзна на 12 мейсцы.

За тое збоку гушчыні насяленьня Беларусь стаць далёка за перадавымі культурнымі старонамі Эўропы. У Беларусі на 1 кв. вярсьце, кругом бяручы, жыве усяго каля 30-35 чалавек. Радзей, чым у Беларусі, народ жыве вось у якіх краёх Эўропы: Маскоўшчыне, Латвіі, Эстоніі, Швэдзіі, Фінляндыі і інш.