Старонка:Географія Беларусі.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РАЗЬДЗЕЛ II.

Клімат Беларусі
________

§ 13. КЛІМАТЫЧНЫЯ ЎПЛЫВЫ. ВЯТРЫ.

Беларусь ляжыць у ўмеркаваным паясе зямлі, бліжэй да полюса, чым да экватара. Сонца ў нас ходзіць па небе ня дужа высака; навет на пачатку лета, ў чэрвені, яно ў паўдня не стаіць у нас проста над галавою, а крыху ніжэй; у зімку ж сонца саўсім мала падыймаецца над кругавідам і мала дае цяпла. Ад гэтае прычыны (географічнае шырыні) перад усім залежыць наш клімат; аднак яе значэньне ў вялікай меры засланяецца ў нас уплывамі іншых прычынаў.

Клімат усяе Сярэдняе Эўропы, а ў тым ліку і Беларусі, залежыць найбольш ад Атлянтыцкага Акеану і суседніх, зьвязаных з ім, мораў. Чым далей каторы з гэтых краёў ляжыць ад Акеану, тым больш сухім і халодным робіцца яго клімат больш падобным да клімату аграмаднага ўсходняга контынэнту Эуропы і Азіі, больш контынэнтальным; чым бліжэй ляжыць край да Акеану, тым клімат робіцца цяплейшым, вільгатнейшым і лагаднейшым, ці, адным словам, акеанічным, Беларусь з усіх краёў Сярэдняе Эўропы найдалей адсунутая ад акеану, затым з усіх старонак Сярэдняе Эўропы мае клімат найбольш халодны і сухі.

Аднак уплывы акеану, ці адсутнасьць іх мы адчуваем штодзенна. Вее вецер з захаду, ад Акеану, - пачынаецца вільготнае, цёплае надвор'е. Зьмяніўся вецер, дзьме ўжо з усходу - надвор'е робіцца сухім і халодным. Па чарзе пануюць у нас то акеанічнае, заходнее надвор'е, то ўсходняе, сухаземнае.

Заўважана, што ўзімку клімат Беларусі збліжаецца да контынэнтальнага, ўлетку-ж ён саўсім блізка акеанічны.

Наагул бяручы, ўплывы акеану у нас мацнейшыя ад уплываў контынэнту, і затым клімат Беларуси трэба прызнаць яшчэ акеанічным. І нічога ў гэтым дзіўнага. На захад ад Беларусі, аж да самага мора, ляжаць нізіны - Польская і Гэрманская, па якім вольна, без вялікіх перашкод цёплы акеанічны вецер урываецца на прасторы Беларусі, прыносячы з сабою хмарнае надвор'е ды дождж ці сьнег. Узвышшы Цэнтральнае Беларусі, асабліва тыя, што цягнуцца з поўначы на паўдня, крыху затрымліваюць гэтыя ветры і змушаюць іх аддаць на свае заходнія спады частку вільгаці, якую тыя несьлі. Значна абсушаныя пасуваюцца заходнія вятры далей па Ўсходняй Беларусі і спатыкаюць на нашай мяжы з Маскоўшчынаю новую, яшчэ больш значную перашкоду ў відзе Вокаўскага Лесу, на якім гэтак шмат аддаюць вільгаці і гэтак трацяць шмат свае сілы, што ўжо на ўсход ад яго, ў прасторах Маскоўшчыны, значэньне акеанічных вятроў робіцца шмат меншым. З сухімі і халоднымі ўсходнімі вятрамі бывае крыху іначай, Плывучы нізам яны ўжо адразу і вельмі значна затрымліваюцца высокім Вокаўскім Лесам, які такім чынам засланяе сабою Беларусь ад уплываў