Старонка:Географія Беларусі.pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вялізарнай катліне Палесься і, здаецца, ня зьвязана з іншымі беларускімі ўзвышшамі. Затое магчыма яго сувязь з Валынскімі Горамі[1]. У кожным разе там, дзе цяпер ляжыць Мазырскае ўзвышшо відаць, істнаваў нейкі горб яшчэ ў даўнейшыя, перадлядавіковыя эпохі, а на яго ўжо налеглі зьверху лядавіковыя пласты.

Вышыня ўзвышша каля 100 саж. Зьверху пакрыта яно лёссам. Прарываючыся праз узвышшо Прыпяць пракапала сабе глыбокую даліну, ў якой адкрываюцца старыя (олігоцэнскія ды крэйдавыя) пласты; да гэтае даліны зьбягаюць глыбокія яры, прарэзуючыя ўзвышшо. Сярод гэткіх яроў разбудаваўся Мазыр.

І па поўнач, і на паўдня ад Мазыра ўзвышшо пакрысе пераходзіць у палескую нізіну, ствараючы, аднак, каля сябе сушэйшую ды гусьцей заселеную мяйсцовасьць, з усіх бакоў агорнутую самым глухім палесьсем.

Урэшце трэба ўспомніць аб Сувальскім Ўзгор’і, якое падыймаецца на самай паўночна заходняй мяжы Беларусі, аддзеленае ад Горадзенскага ўзгор’я шырокаю пяшчанаю паласою Аўгустоўскае Пушчы, займаючай даўнейшую лядавіковую даліну. Сувальскае ўзгор’е ёсьць тыповаю морэннаю краінаю, пакрытаю массай вазёраў. Вышыня яго досіць значная, але да Беларусі можна залічыць толькі яго паўднёвыя спады.

§ 11. ПАЎНОЧНА-ЎСХОДНІЯ ЎЗВЫШШЫ

Паўночная Беларусь, ці, тачней кажучы, вадазборнік Дзьвіны, як ужо гаварылася пры апісаньні краявіду Віцебшчыны (стр. 10) пакрыта ўзгор’ямі чыста морэннага выгляду. З гэтае прычыны узгор’і Паўночнае Беларусі мы проста называем „Паўночнымі Морэнамі“. Дзеляцца яны на тры галоўных грамады: 1) Дзьвінскае Ўзгор’е — на захадзе, 2) Віцебска-Невельская Горная Града — пасярэдзіне, ды 3) Смаленская Морэна — на ўсходзе.

Дзьвінскае Узгор’е. На поўнач ад Полацкае Нізіны мяйсцовасць па абодвых бакох Дзьвіны робіцца вышэйшаю і прыймае чыста морэнны выгляд. Групы ўзгоркаў, раскіданыя без асаблівага парадку, чарадуюцца з вялікімі вазёрамі, ды пяшчанымі мяйсцовасцямі палескага тыпу. Краявіды зьмяняюцца ў гэтай краіне вельмі часта, і ніколі нельга ўгадаць, што давядзецца ўгледзіць за лініяю кругавіду. Легла тут у часы ля давіковыя некалькі канцавых морэнаў, якія разам ствараюць Дзьвінскае Ўзгор’е . Займае гэтае узгор’е паветы Дрысенскі, Дзьвінскі, Себежскі, Люцынскі ды Браслаўскі. Найбольш рэзка яно выяўляецца ў Люцынскім павеце, ды часамі на берагох Дзьвіны; аднак значнае вышыні нідзе Дзьвінскае Ўзгор’е не даходзіць. У даўнейшыя часы, відаць, значэньне яго было куды большае: перад ствараючымі яго морэнамі стрымаліся тады воды таючага лядавіка і стварылі Полацкае Лядавіковае Возера.

Паміж Дрысаю і Дзьвінскам праз узгор’е прарываецца Дзьвіна, прычым на ёй творацца парогі. Гэтак каля м. Краслаўкі, дзе праходзіць, відаць, галоўная града ўзгор’я, на працягу больш як дзесятка вёрст рака проста закідана каменьнем рознае вялічыні, праз якое з шумам прабіваецца вада, творачы цэлы рад невялікіх парогаў. Высокія берагі ракі таксама густа закіданы каменьнем. Часамі выходзяць

  1. Валынскія горы зложаны з крышталёвых скалаў, адносячыхся да архэйскае эпохі.