Старонка:Географія Беларусі.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

падыходзіць, творачы на рацэ высокія стромкія берагі; тут Менскае Ўзгор'е і стыкаецца з Віленскім. Далей на поўнач гэтыя ўзгор'і падзелены шырокаю далінаю верхняе Вяльлі і лядавіковаю далінаю, якою калісь, у лядавіковыя часы сплывалі воды верхняе Вяльлі ў Нёманскую Бярэзань.

Менскае Ўзгор'е ёсьць найвышэйшаю часткаю вялікага эўропейскага вададзелу на ўсёй Усходне-Эўрапёйскай раўніне. Трэба адзначыць, што такое палажэньне надае яму асаблівы характар; з узгор'я расьцякаюцца ўва ўсе бакі невялічкія рэчкі, якія гдзесь далека за яго межамі робяцца вялікімі многаводнымі рэкамі. І Нёман, і Вяльля, і Бярэзіна і Птыч, якія ўсе пачынаюцца на гэтым узгор'і, маюць тут вельмі скромны выгляд, і сваёй прысутнасьцяю досіць мала зьмяняюць агульны краявід.

__________

Уздоўж Нёмна, найбольш па яго правым беразе, ляжыць на бедных пяшчаных раўнінах цэлы паяс пушчаў, якія на ўсходзе злучаюцца з Ігуменскім палесьсем. На паўдня ад гэтых пушчаў мяйсцовасьць робіцца значна вышэйшаю, а часамі прыймае выгляд праўдзівага горнага краю. З захаду ад Нарві на ўсход аж да Бярэзіны (Дняпроўскае) цягнецца тут Паўднёвы Ланцуг Узгор'яў. Глыбокія, з стромкімі берагамі, даліны левых прытокаў Нёмна дзеляць яго на часьці ды робяць краявіды яшчэ больш разнароднымі.

Увесь Ланцуг зложаны канцавымі морэнамі, пад якімі ляжыць досіць значны (на якіх 70 - 80 саж. вышыні) выгін старэйшых (крэйдавых ) пластоў, г. зв. Наваградзкі Горб. З прычыны гэтага выгіну тут часта з пад лядавіковых пластоў выглядаюць старэйшыя пласты, прыкл. часта выходзіць на верх пішучая крэйда. Падняцьце зямное паверхні ідзець тут і цяпер, што значна па берагох рэк, якія ўсё глыбей і глыбей уразаюцца ў дно сваіх далінаў.

Цэнтральнае і найвышэйшае мейсца у Ланцугу займае Наваграцкае Узгор'е. Канцавая морэна ляжыць некалькімі градамі ў паўночнай і заходняй частках Наваградзкага павету, ды сумежных частках Слонімскага павету і надае мяйсцовасьці гарысты выгляд. Рэзкія рысы стромкіх узгоркаў, прысутнасьць на іх паверхні масы каменьня зьбліжае гэтую краіну да тыпова – морэнных.

Вазёры тут аднак спатыкаюцца рэдка і невялікія; апроч таго краявід змяняецца ад павысяканых шмат дзе лясоў. Найвышэйшыя пункты ўзгор'яў каля самага Наваградку (Замковая Гара 151 саж., рыс. 11) і гара каля в. Каменка, адкуль адкрываюцца віды на дзесяткі вёрст наўкола, на ўсю гарыстую Наваградзкую краіну пераходзячы ў Слонімскі павет, узгор'е стварае і там вельмі прыгожую гарыстую мяйсцовасьць, называную "Слонімскаю Швайцарыяю".

Рыс. 11. Замкавая Гара ў Навагрудку.