Пясэцкая. Вайна — біч божы! Ох, грахі, грахі!
Гаспадыня (звоніць).
Уваходзіць Хімка (заплаканая)
Гаспадыня. Пакліч мне пастуха! (Пауза). А ты чаго сьлініш?
Хімка. Шкада мне Ганкі.
Гаспадыня. Глядзі лепш за сабой! Выходзь! (Хімка пашла).
Пясэцкая. Характарная жылка і мне вельмі да спадобы. Яны адзін аднаму спачуваюць.
Палкоўнік. Так і трэба! Мая закваска! У часе вайсковай службы я таксама жыў з салдатамі, спаў разам з імі, гарох еў, гуляў у бабкі і тут прыжыўся спосаб мой спаміж сялян.
Гаспадыня. Дзякуючы твайму спосабу, мяне на старасьці цягаць будуць па судох.
Палкоўнік. Не гарачыся, мая радасьць, не гарачыся! Ніхто цябе нікуды не пацягне.
Уваходзіць пастух
Гаспадыня. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне адмовіць табе ў службе і заўтра выехаць з нашага двара.
Палкоўнік. Учынак тваёй Ганкі прымушае мяне пакінуць цябе на службе і ні куды ня ехаць з нашага двара.
Гаспадыня. Я сказала — да заўтра!
Пастух. Куды-ж мы паедзем? Самі ведаеце наша бядацкае становішча.
Палкоўнік. Нікуды ты ня пойдзеш!
Гаспадыня. Я сказала! Можаш ісьці.
Палкоўнік. Але пачакай, я яшчэ нічога не сказаў.
Гаспадыня. Я сказала — да заўтра. (Пашла ў бакоўку).
Марыся (за ёй). Цётачка, пашкадуйце, не выкідайце. (Пабегла за ёю).