і пасыпаліся кулі, і паваліліся басурманы. Чую — „Стойце, ваша благародзьдзе, ніводнага няма!“
Гаспадыня. Там ніводнага і ня было!
Палкоўнік. Цэлы полк быў! Усіх пачысьцілі, як бараноў.
Марыся. Мамачка, што тут здарылася?
Пясэцкая. Мужычая трагедыя. Глупства!
Палкоўнік. А я-б не сказаў. Ня глупства. Ганка ў студню ўвалілася!
Марыся. Ваша пакаёўка? Дзе-ж яна?
Гаспадыня. Пан студэнт пад апеку ўзяў.
Марыся. З якой прычыны гэта наймічка…
Пясэцкая. Дух нячысты спакусіў, а пры тым, як ні сьмешна сказаць — нэрвы. Цяпер і ў мужыкоў ёсьць нэрвы.
Марыся. І згадаць цяжка.
Палкоўнік. Нічога цяжкага. Гражданскі прыём. У нас, вайсковых — куля ў лоб і годзе!
Марыся. Паклікаць-бы доктара!
Гаспадыня (з гіроніяй). Профэсара выпішам.
Палкоўнік. Усё ўжо зроблена. Фэльчар зараз будзе. Студэнт стралой панёсься.
Пясэцкая. Дзіўна! Пашто гэта руплівасьць? Што можа быць супольнага — пакаёўка-батрачка і…
Палкоўнік. Я-б так не сказаў. І пакаёўка — чалавек.
Марыся. Ах, хоць-бы не памерла!
Гаспадыня. А калі і памрэ, то не ў мяне, а за варотамі. Заўтра выкіну, каб і духу ня было.
Палкоўнік. А што на гэта скажу я?
Гаспадыня. Што я скажу, то і будзе.
Палкоўнік. Вось успомнілася гэта мне, як мы бралі сопку ў Манжурыі, і недалёчка лёг басурманскі знарад. Сьперш зашумела, загуло, а пасьля — бух!.. (Моцна стукнуў).
Пясэцкая. А няхай вас з вашымі знарадамі!
Палкоўнік. То мая фігура, як матыль — то ўгару, то ўніз, а пасьля зарылася па самыя вушы ў пясок.