Ганка. Панічок мой дарагі! Каб ведалі, як шчыра я кахаю вас! Хоць ня можна гэтага казаць, але я забылася на ўсё, год чакала, год мучылася, а цяпер ад радасьці сьлёзы.
Студэнт. Ганначка, дарагая, любіш?
Ганка (абняла і пацалавала). Шчыра, горача!
Студэнт. І чаму я раней гэтага ня чуў? Чаму я раней належна не ацаніў цябе, мужычае дзіця?
Ганка. Нічога мне ня трэба. Я за адну хвілю шчасьця аддам жыцьцё, а гэта шчасьце тут пры мне.
Студэнт. Гануся, я ўсхваляю той дзень, калі я пазнаў цябе. Я прысягаю перад гэтым блакітным небам, што ты ня будзеш адна.
Ганка. Сон, толькі сон!
Студэнт. Ты пачакаеш год?
Ганка. І што тады?
Студэнт. Я скончу Інстытут, і ты будзеш маёй.
Ганка. Я пачакаю і дзесяць год, а вашай ня буду.
Студэнт. Чаму?
Ганка. Не магу быць вашай жонкай, не магу. А нагледзецца ўволю дайце мне, бо хутка надыйдзе тая пара, калі вас пазнаёмяць з багатай паненкай, і тады Ганка павінна заняць сваё месца.
Студэнт. Гануся, ты будзеш маёй і наша шчасьце будзе вечным.
Ганка. Ня будзе яно спрыяць ніколі, бо на вас чакаюць людзі лепшыя, чым я.
Студэнт. Ты мая лепшая, адзіная, ты мужычае дзіця, і сам я мужычы сын, мы родныя па духу, па крыві, гэта я скажу ўсім.
Ганка. Адкрыць перад людзьмі сваё каханьне мы ня можам, а шукаць радасьць тут у лесе ня заўжды можна.
Студэнт. Ну, дык выступім перад усімі і скажам. Няхай усё тое, што было страхам, будзе сьмелым і вольным.
Ганка. Ня выступім і ня скажам, бо адно слова вашай цёткі разбурыць усё.