Пастух. Пан — чалавек добры, а сама гаспадыня за сабаку лічыць.
Студэнт. І Ганначку крыўдзяць?
Пастух. Яна маладая, менш адчувае, а калі часам і зашчыміць сэрца, дык не надоўга.
Студэнт. Пацярпі, браце, прыдзе лепшы час, менш будзе бяды.
Пастух. Страціў я веру, панічок! Жабраку да веку жабрацкая доля.
Студэнт. Ганначку тваю выцягнем адтуль, вучыць пачнем.
Пастух. Вось гэта добра было-б! Здольнае дзіця, вялікую ахвоту да навукі мае.
Студэнт. У палкоўніка лесу выпрасім, хату адбудуем.
Пастух. Мой лес яшчэ расьце. Ня хутка гэта будзе! Дзякую.
Студэнт. Я не жартую, давай прасіць у палкоўніка.
Пастух. Ня турбуйцеся, панічок, пажыву яшчэ так. Можа за свой мазоль і адбудуюся.
Студэнт. Ня верыш у ласку панскую? (Пастух махнуў рукою).
Студэнт. А скажы, браце, як даўно згарэла твая хата?
Пастух. (уздыхнуў). Гадоў 5 таму назад.
Студэнт. Здаецца, і жонка твая… (Пастух заплакаў). Давядзі, браток, усё, як было.
Пастух. Баліць сэрца, калі ўспомніш. Не хацеў-бы кратаць зажыўшую рану, але такой бяды. На полі я з дачушкай працаваў, а жонка хворая ляжала ў хаце. Быў гарачы летні дзень, працавалі і радаваліся, але радасьць абярнулася ў сьлёзы. Сонца схавалася за хмарку, замігацела маланка, пасыпаўся дождж з градам, ударыў пярун і недалёка нас, здавалася, у лес ударыў. Аж не, бачым — залілася наша вёска полымем. Пакуль дабеглі — усё згарэла. І жонка, спакой вечны, сьмерць там знайшла. Пахаваў жонку, сіл на гаспадарку ня меў, пашлі да паноў на службу. Гануся