і вытварало асобны прывілейны стан, вядомы пад агульным найменьнем шляхты. Гэткае выключнае палажэньне шляхты і безкантрольнае ўлады яе над людзьмі, якія жылі на іхніх землях, было прызнана і агульнымі правамі дзержаўнымі.
Гэткім чынам у вялікім князстве Беларуска-Літоўскім, акром дзержаўнай улады ад імені гаспадара, на жыхарах тэй або другой мейсцовасьці лежала цяжкая і безкантрольная ўлада землеўласьнікаў, якая выцекала не са службы гаспадару, а прост з уладарных правоў і каторай былі аддадзены ўсе жыўшыя на прыватных землях бяз розьніцы палажэньня, г. зн. ці гэта былі нявольнікі, ці вольныя людзі, ці нават дробная шляхта. У 8-м артыкуле III разьдзела статуту 1566 г. сказана: «А што датычэ зладзейства, забойства і іншых праступкоў, то княжаты і панове рада наша маюць права судзіць кождага з шляхты і рыцарства, каторыя ў іх у службе, толькі павінны мець пры сабе шляхту, людзей добрых і перад імі чыніць суд, і хто ў чым на гэтым судзе будзе абвінавачэн, той і павінен тут жа панясьці кару за свае праступкі, хоць бы справа «дайшла горла» (кары сьмерцьцю). Гэтак было паводле права, а запраўды вялікі пан рабіў са сваім слугой-шляхціцам што хацеў, нікога не пытаючыся. А аб простых людзях, не шляхце, у праве нічога не гаварылося, пан мог вешаць, адсекаць голавы і рабіць розныя караньня па свайму капрызу. Ад гэтай страшэннай і самавольнай улады былі звольнены толькі людзі, прыналежаўшыя самому гаспадару, і мешчане тых мест, якія не былі ўласнасьцю князёў і паноў або каторыя карысталіся асобнымі прывілеямі, дадзенымі ім ад гаспадароў.
УЛАСНАСЬЦЬ ЗЯМЕЛЬНАЯ
У Беларусі сьвецкая зямельная ўласнасьць была траякая: баярская, мешчанская і селянская. Баярскія, а пазьней шляхоцкія маетнасьці насілі розныя назовы, у залежнасьці ад характару ўладаньня. Тут былі «айчызны і дзедзізны», айчызны жон, мацярызна, айчызна «небошчыка мужа», «іменье