Старонка:В. Ластоўскі. Кароткая энцыклапедыя старасьвеччыны.pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яраславіча, каторы прыцесьняў іх рознымі новымі паборамі, падводамі і карчэмнымі пенязямі, то, разгледзіўшы справу Пінчаноў, Александр, пасьля нарады са сваей Радай, даў гэткую разьвязку справе: «Так як горад Пінск мы далі князю Фёдару ў вотчыну, то ён і мае трымаць яго як вотчэньнік, прыбаўляць і разшыраць, як яму лепей пакажацца, як вотчыннаму гаспадару ў сваей маетнасьці» (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. І, № 191). Пасьля гэткай пастановы Рады і самаго гаспадара, ведама, німа што ўжо і казаць аб якім колечы кантролю над судом і справаваньнем вялікіх землеўласьнікаў, служылых князёў і паноў у межах іх маетнасьцей. Тут самаўпраўства землеўласьніка было ўжо не злоўжываньнем улады, а наадварот, справай законнай, не выходзячай са звыклага парадку і абеганым зьвер[х]най уладай у дзержаве.

Нададзеную вотчыну лен меў права праменяць, прадаць, дараваць. Гэтак, у надаўчай грамаце 1499 г. князю Міхайле Жаслаўскаму на Мсьціслаў і Мглін, сказана: «Ведаючы верную і шчырую службу князя Міхайлы Іванавіча Жаслоўскага і хочучы, каб і наперад ахвотна ён служыў нам, як дзедзічнаму пану, надалі яму горад Мсьціслаў і горад Мглін, са ўсімі двары, са ўсімі баяры і з іх іменьі і слугамі путнымі і даньнікі, і са ўсім правам і панствам, не астаўляючы нічога на нас і на нашых наступнікаў... А далі яму ў дзедзіну вечна і яго княгіні і іх дзецям і будучым іх патомкам, волен ён то аддаці і замяніці, і на свае прыбыткі абярнуці» (А[кты] З[ападной] Р[оссии]. Т. І, № 172). Пры гэткіх парадках кожды валадар гэткай дзедзізны або лену мог безперашкодна прадаць, праменяць усе сваё валаданьне або часьць яго каму хочучы — другому князю ці пану або земяніну, і разам з гэтым новому ўласьніку перадаваў і ўсе правы свае на маетнасьць і на людзей. Гэткім чынам пры помачы перадачы маетнасьцей, пераходзілі ад князёў да другіх арыстакратаў, не прыналежаўшых да княжых родаў.

Гэткая роўнасьць правоў у служылых князёў, паноў і земян на прыналежаўшыя ім маетнасьці, атрыманыя імі як наданьнем ад гаспадара, так і прыватным парадкам набытыя, купляй, даравізнай, спадкам, і раўняла іх перад правам