Старонка:Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тым больш беларускім літаратарам на зары сучаснай літаратуры. Таму некаторыя нашы крытыкі яшчэ нядаўна здольны былі глядзець на Дуніна-Марцынкевіча выключна з пункту погляду яго прадмоў і прысвячэнняў да яго твораў. Замест таго, каб знайсці асноўную ідэю, дамінанту яго жыцця і творчасці і ад яе разблытваць ніці, якія ідуць да кожнага паасобнага твора, яны хапалі першую папаўшую ім у рукі нітку, якая найбольш кідалася у вочы (к прыкладу тое, што ён быў дваранінам і нават шляхецкім дэпутатам, або тое, што ён пісаў і на беларускай і на польскай мове, або, нарэшце тое, што ў радзе твораў яго відавочны ўплыў сантыменталізма) і так заблытвалі клубок сваіх доследаў, што вымушаны былі кідаць сваю працу з гвалтуючымі супярэчнасцямі. Дунін-Марцынкевіч у іх абмалёўцы з'яўляўся прадстаўніком беларускага дваранскага сантыменталізма, у якога - невядома як - пад канец жыцця вырываліся такія спелыя рэалістычныя творы, як «Пінская шляхта» і «Залëты», па рэалізму вобразаў не саступаючыя гогалеўскім персанажам («Пінская шляхта») і Калупаевым і Разуваевым Остроўскага («Залёты»). Альбо даказвалі яшчэ, нібыта Дунін-Марцынкевіч з'яўляўся абаронцам прыгонніцтва, «у перыяд распаду прыгоннай гаспадаркі стаяў за захаванне прыгоннага ладу», хаця гэтая фармуліроўка распаўзалася па ўсіх швах ад аднаго вобраза Гапона і ад усіх іншых вобразаў, сімпатыі аўтара да якіх нельга было не заўважыць. Трэцяя група крытыкаў схільна была залічыць яго ў польска-беларускія пісьменнікі безумоўна з мэтай зусім адарваць ад беларускай літаратуры, якая, відавочна, развівалася пад уплывам рускай літаратуры (такі прыём «крадзежа з узломам» - быў улюбёным метадам беларускіх нацыяналістаў), хаця пушкінскі сюжэт «Сялянкі» - першага твора Дуніна-Марцынкевіча і пераклічка «Пінскай шляхты» і «Залётаў» з рускай драматургіяй ясна казалі супроць падобнай фальсіфікацыі. Такая шчодрая машэнніцкая раздача літаратурнай спадчыны - толькі зваротны бок мядалю нацыяналістаў - адмаўляць усякі ўплыў суседніх брацкіх літаратур на развіццё беларускай літаратуры і «аддаваць» суседнім народам усё тое, што створана пад іх уплывам. Былі і такія, якія наадварот казалі, што творчасць Дуніна-Марцынкевіча складаецца з адных запазычанняў і цытат з фальклора, адначасова спрабуючы зняславіць усё тое, што ім напісана.

Усе гэтыя метады падыходу да творчасці пісьменніка разбіваюцца ў пыл і прах пры бліжэйшым знаёмстве з той асноўнай мэтай, у імя якой ён тварыў, з-за якой уваходзіў у супярэчнасці з тагочасным грамадскім ладам. Пісьменнік хацеў не толькі адлюстраваць сваю рэчаіснасць. Ён быў пісьменнікам-грамадзянінам, які ведаў патрэбы і задачы свайго часу. Ён мог памыляцца ў пытанні вызначэння сродкаў, якімі можна перарабіць існуючы лад, але яго сэрца не памылялася ў той высокай мэце, якой павінна было служыць яго слова.

Мэта-ж у Дуніна-Марцынкевіча была адна: садзейнічаць перабудове існуючага ладу ў карысць селяніна. Ён, спяшаючыся, але натхнённа, ад сэрца, маляваў вобраз пакутуючай сялянскай дзяўчыны ў «Гапоне». у «Шчароўскіх дажынках», імкнучыся выклікаць пашану і павагу да яе чыстай душы, да яе глыбокіх пачуццяў, да яе пакут і слёз. Ён спалучаў светлы мальераўскі смех і вастрыню гогалеўскай сатыры ў «Пінскай шляхце», каб не толькі пасвяціць у цёмнае царства забабонаў пінскага засценка, але і знайсці ў ім і паказаць крывяжэрнага павука - прадстаўніка «найяснейшай кароны», які так спрытна грабе рублі нават з тых, якія лічылі сябе вярхушкай сялянства. А якое-ж тады раздолле панам Кручковым было у звычайнай вёсцы. Ён асвятліў пражэктарам свайго паэтычнага прадбачання дарогу, па якой пойдзе Сабковіч - гэты гібрыд мальераўскага «Мяшчаніна у шляхецтве» з Разуваевым, хаця ён зарадзіўся і на беларускай глебе. Чытач бачыць у вобразе Сабковіча, як яго намаляваў Дунін-Марцынкевіч, такога ідучага ў будучыню капіталіста-абіралу, які ўмее здзіраць не толькі кажухі з сялян, але і скуру разам з кажухамі.

Дунін-Марцынкевіч зусім не двухсэнсова грозіць панам вобразам Гапона, які нібы мядзведзь адбіваецца ад насядаючых сабак прыгонніцтва.

А ён са злосці мармоча,
Як каторага пагладзіць,
Той з болю яўкне, той брэша.
Так Гапон наш колам чэша.

І зусім не так ужо спакойна і ў светлых, здавалася-б, празрыстых радках вершаваных апавяданняў Дуніна-Марцынкевіча. Само сабой разумеецца, што ён далёкі ад палітычных лозунгаў нават сялянскага бунта, што у дачыненні да памешчыкаў ён памылкова лічыць яшчэ магчымым дзейнічаць на іх шляхам пераканання, шляхам абуджэння ў іх пачуцця гуманізма, але-ж не трэба забывацца на час, у якім жыў і тварыў Дунін-Марцынкевіч.

Нашага чытача больш за ўсё цікавіць Дунін-Марцынкевіч, як драматург і заснавальнік беларускага тэатра ў яго вышэйшых формах, хаця заслуга яго ў стварэнні сучас-