Старонка:Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

най беларускай літаратуры не меншая. Можа гэта таму, што беларуская літаратура пасля Дуніна-Марцынкевіча мела такіх выдатных прадстаўнікоў, як Фр. Багушэвіч, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Якуб Колас і яны ўзнялі беларускую літаратуру на вялікую вышыню яшчэ да падыходу маладога і энергічнага, узброенага самымі перадавымі ідэямі, атрада беларускіх совецкіх пісьменнікаў. У такіх варунках - гіганцкая работа зачынальніка, яго подзвіг зусім натуральна некалькі змяншаецца ў маштабе сучаснасці. У тэатральнай справе і ў справе драматургіі Дунін-Марцынкевіч стаіць амаль адзінока аж да Кастрычніцкай рэволюцыі, але яго творы вызначылі сабой шлях далейшага развіцця беларускай драматургіі, стварылі ўплыў на вобразы нашых драматургічных твораў аж да нашага часу. А гіганцкая задача, якую паставіў сабе гэты дробны служачы без уласных сродкаў, гаспадар маленькага маёнтка Люцынкі, купленага на пасаг жонкі, і не толькі паставіў, але і развязаў яе - выклікае наша справядлівае здзіўленне.

У 1946-м годзе споўніцца сто год з дня напісання першай беларускай оперы, а праз шэсць год - сто год з дня яе пастаноўкі. Гэта вялікая дата у культурным жыцці народа і мы павінны быць удзячны не толькі Дуніну-Марцынкевічу, але і яго сям'і, якая разам з ім аддала ўсе сродкі і сілы, каб вырваць у гісторыі гэту дату. І тут, мне здаецца, варта спыніцца на некаторых біяграфічных звестках пра Дуніна-Марцынкевіча, каб паўней зразумець, як здолеў ён вырашыць гэтую задачу. Нарадзіўся Марцынкевіч у 1807 годзе ў фальварку Панюшкевічы, каля Бабруйска, над Бярозай. Бацька яго арандаваў гэты фальварак, значыцца, ён не належаў ні да дробнай, «шарачковай», засцянковай шляхты, ні да шляхетнага магнацтва. Такое няпэўнае становішча, паміж іншым, часта стварала энергічныя характары людзей, развівала іх здольнасці, прымушала задумвацца над соцыяльнымі з'явамі, адчуваць іх несправядлівасць і штурхала шукаць выйсця. І зусім відавочна, што яно-ж раскрывала перад удумлівым чалавекам - сялянства, як сілу, якая можа дапамагчы ў гэтых пошуках. Паэтычнай натуры Дуніна-Марцынкевіча імпанавала прырода над Бярозай-ракой, а таксама глыбокая, лірычная народная творчасць. Абедзве гэтыя акалічнасці і заклалі асноўныя дзве рысы яго характара-паэта і грамадзяніна, сына свайго народа.

Маці яго - Марыя з фаміліі Вольчацкіх сама навучыла Вінцэся чытаць і пісаць, а пасля ён быў аддадзены у павятовае вучылішча ў Бабруйску, гімназіі тады ў Бабруйску не было. Вучоба ў вучылішчы не адрывала Вінцэся ад Панюшкевіч, ад вёскі, ад яго дзіцячага сялянскага акружэння, ад прыгажосці сенажаці, жніва, вясковых песень і вечарынак. Усё гэта глыбока западала ў яго душу, ствараючы грунт для будучай творчасці. Па сканчэнні вучылішча, Вінцэся, па парадзе сваяка бацькоў (ксяндза мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестрэнцэвіча) і, напэўна, з яго дапамогай адпраўляюць у Вільню, заканчваць сярэднюю асвету ў школе пры базыліянскім кляштары. Віленскае студэнцтва жыло тады ідэямі філаматаў і філарэтаў, жыло імем Міцкевіча, які, да рэчы некаторы час знаходзіўся «ў затачэнні» у гэтым-жа базіліянскім кляштары. Гэта падштурхнула першую творчую думку Марцынкевіча.

Далей біографы Дуніна-Марцынкевіча разыходзяцца: частка, у тым ліку Ромуальд Земкевіч, якому блізкі друг Дуніна-Марцынкевіча - Аляксандр Ельскі, даў свой рукапіс «Успаміны аб Вінцэнту Дуніну-Марцынкевічу, беларускім пісьменніку і аўтару», кажа, што Дунін-Марцынкевіч паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта; другія кажуць, што ён для гэтай мэты ездзіў у Пецербург. Як-бы там не было, але Дунін-Марцынкевіч не скончыў універсітэта, яго не захапіла перспектыва стаць доктарам і ён спачатку вярнуўся да бацькі, а пасля паехаў у Вільню на ўласны хлеб. Тут ён паступіў служачым у бюро нейкага Бараноўскага. Дачка апошняга - Юзэфа - спадабала маладога, прыгожага і вясёлага клерка свайго бацькі. Маладыя людзі пакахаліся, але бацькі Юзэфы і слухаць не хацелі, каб аддаць сваю дачку за няроўню. Тады Дунін-Марцынкевіч выкрадае сваю нявесту, таемна ад яе бацькоў вянчаецца з ёй у 1831 годзе і выязджае ў Мінск. Тут ён служыць перакладчыкам касцельных актаў на рускую мову, пасля ў гранічным і крымінальным судзе. Відавочна, тут ён назірае тыпы, якія пасля дапамаглі стварыць Кручкова і Пісулькіна у «Пінскай шляхце».

У 1834 годзе ён зноў вяртаецца на пасаду перакладчыка у каталіцкую кансісторыю, а пасля становіцца яе архіварыусам.

Прымірэнне з бацькамі жонкі дае яму магчымасць купіць невялічкі фальварак пад Мінскам - Люцынку ў 1840 годзе і ён селіцца там. Аднак, годнасць шляхецкага дэпутата прымушае яго часта бываць у Мінску і нават раз'язджаць па губерні. За гэтай работай ён знаёміцца яшчэ бліжэй з засцян-