Старонка:Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч – адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Амаль сто год таму назад упершыню ў гісторыі Беларусі пачалі з'яўляцца у свет літаратурныя творы беларускага пісьменніка Вінцэнта Іванавіча Дуніна-Марцынкевіча. Першым выданнем была «Сялянка» (опера ў двух актах), якая выйшла ў 1846 годзе ў Вільні. Потым выходзілі кніга за кнігай. А ў 1859 годзе гэты трынаццацігадовы перыяд актыўнай творчай і выдавецкай дзейнасці пісьменніка скончыўся канфіскацыяй перакладзенага на беларускую мову «Пана Тадэуша». Пераклад канфіскаваўся ў Вільні па загаду міністра асветы Кавалеўскага. Акрамя названых твораў за гэты час паспелі выйсці такія кнігі Дуніна-Марцынкевіча: «Гапон» - беларуская аповесць з праўдзівага здарэння, Мінск, 1855 г.; «Вечарніцы» і «Заварожаны» - меладрама ў 5 абразках; «Цікавішся?-прачытай» - тры апавяданні і верш, Мінск, 1885 г.; «Дудар беларускі» , Мінск, 1857 г. (у яго ўвайшлі «Шчароўскія дажынкі», «Верш Навума Прыгаворкі», яшчэ некалькі вершаў і апавяданняў). Пасля гэтага неяк праскочыла праз цэнзурную забарону толькі адна кніжачка Дуніна-Марцынкевіча «Люцынка, або шведы ў Літве» - гістарычнае апавяданне на польскай мове ў 1861 г.

Як бачыце, сюды трапіла далёка не ўсё, што склала славу нашага пісьменніка. Не трапілі нават такія творы, як «Пінская шляхта» - класіка беларускай літаратуры (напісана у 1866 годзе), «Залёты» (камедыя, напісаная годам пазней), некалькі вершаў, у тым ліку «Заўтра Спаса, кажуць людзі...», - напісаны у 1868 годзе. Не трапілі яны у друк таму, што паэт і яго творчасць трапілі ў няміласць царскай цэнзуры. Цэнзар - паміж іншым, прозвішча яго было - Мухін, - убачыў у іх небяспеку «стварэння, апроч украінскай яшчэ і беларускай літаратуры» і «распальванне мясцовага патрыятызма» і не пашкадаваў 176 руб. 60 кап. з царскай казны на пакрыццё страт выдаўца Сыркіна і аўтара, каб толькі не пусціць у свет на беларускай мове «Пана Тадэуша». З гэтых грошай на долю Дуніна-Марцынкевіча прыпала, здаецца, 49 руб. 40 кап. і наўрад ці сам ён мог імі разлічыцца з сялянамі і сваімі знаёмымі, якія стварылі папярэднюю падпіску-складчыну на выданне «Пана Тадэуша». Той-жа цэнзар, які дазваляў папярэднія выданні Дуніна-Марцынкевіча, і даў папярэдні дазвол на набор «Пана Тадэуша» прозвішча яго было Кукальнік, - атрымаў добрую нагонку ад упраўлення па справах друку, вымушаны быў пісаць тлумачэнні і шукаць высокага заступніцтва, каб пазбегчы яшчэ большай кары. Сам пісьменнік папаў пад нягласны нагляд паліцыі і калі пачалося паўстанне Кастуся Каліноўскага, быў арыштаваны і прасядзеў 9 месяцаў пад следствам, абвінавачаны ў тым, што ён нібыта быў аўтарам і выдаўцом газеты Каліноўскага «Мужыцкая праўда».

Царская паліцыя і жандармерыя «перасалілі» сітуацыю надта груба і просталінейна: беларуская падпольная газета ў іх уяўленні зразу звязвалася з творамі першага беларускага пісьменніка і яны паспяшаліся пасадзіць яго за краты. Аднак газета выходзіла самастойна, нават калі пісьменнік сядзеў у клапоўніку. Прышлося выпусціць Дуніна-Марцынкевіча і сарваць сваю злосць на тым, што ўсе астатнія творы яго не ўбачылі свету, аж да рэволюцыі 1905 года, якая крыху расхістала путы цэнзурнага ўціску. Тады быў перадрукованы «Гапон» (у Пецербургу у 1907 годзе), «Вечарніцы» (там-жа, у 1910 годзе), «Шчароўскія дажынкі» (там-жа, у 1910 годзе), а найлепшыя драматычныя творы пабачылі свет у друку толькі пасля Кастрычніцкай рэволюцыі («Залëты» у 1918 г., а «Пінская шляхта» у 1923 г. у Мінску). Падрыхтаваная ім самім да друку кніга «Быліцы і расказы Навума Прыгаворкі» - наогул дзесьці знікла. Цэнзура аказалася разумней жандармерыі, хаця і такой-жа упартай. Калі Дунін-Марцынкевіч паспрабаваў надрукаваць «Пінскую шляхту» у «Календары» - Віленскі генерал-губернатар пісаў начальніку ўпраўлення па справах друку ў Пецербург: «На маю думку, падобны твор, у якім у непрыглядным выглядзе выстаўляецца асоба станавога прыстава, які ў дадатак да гэтага ўсюды называецца «найяснейшая карона», наўрад ці зручна змяшчаць у якім-небудзь выданні, а ў асаблівасці ў такім, як календар, які прызначаецца для распаўсюджвання сярод мясцовага насельніцтва».

Калі ўзяць творчую і жыццёвую біяграфію Дуніна-Марцынкевіча, дык мы адразу ўбачым тую-ж рысу, што і у біяграфіі любога дэмакратычнага пісьменніка тагочаснай Расіі; яна ўся складаецца з сутычак з царскай уладай і існуючым у той час грамадскім укладам. Нашы сучаснікі не заўсёды разумеюць усю складанасць ўмоў, у якіх даводзілася працаваць іх папярэднікам-літаратарам, а