Старонка:Вінаваты (1930).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

скі жыў як і раней у сваёй вёсцы. Напалоханы ў першыя гады рэволюцыі контрыбуцыямі і разьвёрсткамі, Ключынскі збыў дзьве каровы і каня суседзям, а малатарню, якая ў яго была, паклаў у пуню і закідаў яе пацярухай і мякінай, каб не забралі хаця бальшавікі.

Калі паласа разьвёрстак прайшла, Ключынскі ажыў. Ён з сваіх дваццаці сямі дзесяцін зямлі пачаў апрацоўваць ужо восемнаццаць, а як зьявіліся ў гаспадарцы два парабкі, дык і ўсе дваццаць сем. Малатарня была вычышчана ад мякіны і пацярухі і ўвосень 1922 году ўжо малаціла ў суседзкіх такох.

У вайну Ключынскі збудаваў сабе новы дом. У доме дзьве палавіны: у аднэй кухня і сталовая, у другой спальня і чысты пакой для гасьцей. У гэтым-жа пакоі і ў сталовай зьбіраліся сходы. На сходы звычайна прыяжджалі людзі з воласьці і да сходу гутарылі з Ключынскім, часам палуднавалі ў яго, вячэралі, заставаліся на ноч. Да ўсіх прыяжджаючых з воласьці Ключынскі адносіўся з пашанай і ўсім многа гаварыў пра сваю гаспадарку. Праз сходы і такія гутаркі Ключынскага ў воласьці ўсе ведалі і прызвычаіліся да яго, а за яго гутаркі і спрэчкі на сходах лічылі актывістым. Гаспадарку яго лічылі культурнай, перадавой. Гэтак неяк сама сабой яго гаспадарка як перадавая і культурная аформілася і ў сьпісах падатковай камісіі волвыканкому.

У апошнюю харчападатковую кампанію, калі складалі сьпісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў восемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Жывёлу паказаў усю. Калі сьпісы правяраў селянін