Старонка:Вінаваты (1930).pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь ад нечаканасьці, калі счуў за плячыма крокі людзей, схапіўся, павярнуўся тварам да таварышоў.

— Куды ты страляў?

Алесь маўчаў. У жыце далёка поўз ціхі шолах. Адтуль яшчэ раз грымануў стрэл і ўсё сьціхла. Усе дагадаліся ў чым справа.

— Ты чаму ня будзіў ?

— Я не пасьпеў. Як счуў, што па жыце крадуцца, дык я папоўз да плоту, ну а як зьмеціў чалавека, дык стрэліў... Вось сволачы... мусіць ні разу не папаў, чуць канец рулі відаць, ні то каб мушка...

У пуню больш ніхто не пайшоў. Усе селі на бярно. Пачалі гутарыць пра толькі-што здарыўшаяся. Алеся лаялі за тое, што не разбудзіў нікога. Алесь маўчаў. У вёсцы разам забрахалі ўзбуджаныя стрэламі сабакі. Дзесьці рыпнулі ў хаце дзьверы. Пачуліся ціхія трывожныя галасы людзей. Гэта стрэлы разбудзілі іх і вывелі на вуліцу.

Пачало разьвідняць. Алесь узьняўся з бярна і пачаў пацягвацца. Да яго падышоў Рыгор.

— Скажы праўду, ты не баяўся? — пытае ён Алеся.

— Не-а. Я над гэтым ня думаў нават. Як счуў шолах у жыце, дык неяк сам лёг на зямлю і папоўз.

— А страляць не баяўся? Яны-ж па агні маглі ў цябе папасьці.

— У мяне не папалі-б. Нам цяпер баяцца няма чаго, цяпер нас баяцца. Я пільнаваў, а яны падкрадаліся, як зайцы, у жыце хаваліся... Гэта ярунда, брат.

— А ўсё-такі сьмеласьць трэба. Я ня ведаю як спалохаўся-б...