Старонка:Вінаваты (1930).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Каб павучыцца, — думае Алесь, — каб падрасьці, лепш пазнаць жыцьцё, тады-б я многа, многа зрабіў-бы...»

Алесь сочыць за сваімі думкамі, сьвядома кіруе імі, каб не задрамаць, не заснуць. Яму чамусьці здаецца, што чуецца нейчая гамонка. Тады ён пільней прыслухоўваецца і ўжо выразна чуе ціхую гамонку людзей і шолах у жыце. Алесь разумее, што нехта крадучыся хоча падыйсьці да пуні, інакш каму красьціся да гумна цяпер, у пару, калі дабра ў гумнах ніякага няма. Ён уважліва слухае. Гамонкі ўжо ня чутно, але шолахі ў жыце набліжаюцца. Алесь паціху ўзьняўся з бярна, лёг на зямлю і папоўз да плоту ў напрамку да жыта. Спыніўся за купінай і зноў пачаў слухаць. Шолах у жыце таксама змоўк, але затое, вочы адрозьніваюць у жыце цёмную постаць чалавека. Цемра ночы шкодзіць разгледзіць добра, што там у жыце. Ад доўгага напружанага ўгляданьня баляць вочы і постаць чалавека і жыта дрыжаць, зьліваюцца ў адно. Алесь на хвілю адварачвае погляд у бок, азіраецца наўкола і тады зноў выразна бачыць постаць чалавека. Яна паціху набліжаецца. Пэўна пусьцілі аднаго разгледзець, ці не стаіць хто ля пуні. Чалавек у жыце — вораг. Алесь цэліцца ў яго і спускае курок. Постаць у жыце прысела. Гады Алесь выстраліў яшчэ раз. У жыце затупалі, нехта пабег, потым з жыта разам прагрымелі тры стрэлы. Алесь у адказ выстраліў яшчэ. Ён ня чуў, як за плячыма расчыніліся рыпуўшы вароты пуні, як выбеглі спалоханыя таварышы і падышлі да яго.