Старонка:Вінаваты (1930).pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І я паехаў-бы куды, каб вучыцца...

— А мне, браце, у паветкоме абяцалі на лета паслаць куды...

— Ды каб разам! Вось-бы добра! Вось-бы тады папрацавалі! Тады-б ня толькі гэтага паповага, а ўсіх-бы па політыцы загналі.

У слова «політыка» Рыгор укладаў уменьне разьбірацца ва ўсіх падзеях, якія робяцца на сьвеце і ў напісаным у газэтах і кнігах.

— Табе лягчэй політыка даецца, — гаварыў Рыгор, — а мне вельмі цяжка. Ты вось скажы, як ты даклады вучыш?

— Вучу?.. Я зусім дакладаў ня вучу.

— А як-жа ты?

— Пачытаю кніжку, якую трэба, ці газэту і раблю.

— Ну?!

— Яй бо!

— А я-ж, братка, дык замучыўся як далі мне даклад.

— Які?

— А вэнь, як комуністыя ўтрымалі ўладу... Я думаў, думаў і чуць ня плакаў, а потым узяў кніжку, палез на гару, каб мачыха ня бачыла, і вывучыў на памяць усю кніжку. Дый то заблытаўся, калі хлопцы зарагаталі... Ня ўмею я гэтак, як ты

— Трэба было-б паехаць вучыцца куды...

— А сакратаром ячэйкі тады хто?

— Янка застанецца. Я ўжо пабыў даволі. Ячэйка ў нас ужо вялікая, няхай і ён пабудзе.