Старонка:Вінаваты (1930).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Алесь выняў з кішэні невялічкую ў сіняй кардоннай вокладцы кніжачку і паказаў Рыгору.

— Бачыў ты?

— Не-а!.. Што гэта?

— Білеты. І табе прыслалі...

Рыгор доўга трымаў у руцэ кніжачку, варочаў яе, перагортваў, разглядаў. Потым, аддаючы Алесю, нясьмела з зьдзіўленьнем запытаў:

— А Сяргей-жа казаў, што ў шоўкавых?..

— Дурань, дзе гэта шоўку набрацца. Мала што ён казаў. — Алесь схаваў білет у кішэню, адсунуўся трохі з месца, дзе сядзеў, і падняў няпрыкметна дзёран. Пад дзёрнам ляжалі абоймы з патронамі.

— У мяне тут каля сотні штук і дома трохі. Гэныя баюся дома хаваць, каб дзеці не адшукалі, а тут ніхто ня ведае... На й табе дзьве абоймы. Алесь падаў дзьве абоймы паржавелых ужо крыху патронаў. Дастаў яшчэ чатыры абоймы і, абцёршы з іх пясок, паклаў сабе ў кішэню.

Праз гадзіну пяцера чалавек з вінтоўкамі, па-рознаму апранутыя, ішлі ў Алесеўку. Алесь і Рыгор былі босыя і бяз сьвітак. Начальнік гэтае групы, мясцовы партыец-чырвонаармеец, які зусім нядаўна зьвярнуўся дадому, быў у ботах і чырвонаармейскай вопратцы. Двое другіх — партыйцы мужчыны — былі ў гамашах.

У Алесеўцы іх спаткалі з некаторым зьдзіўленьнем, але ў хату старшыні сельсавету, дзе хлапцы спыніліся, хутка па заданьні старшыні багацейшыя алесеўцы пачалі зносіць усё, што было прылічана з іх па разьвёрстцы. Чырвонаармеец важыў масла, сала, жыта,