Старонка:Вінаваты (1930).pdf/81

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор завяршыў капу, сказаў бацьку, што яго клічуць нешта ў ячэйку і пайшоў з двору. Дома выняў у каморы з-за дзяжы вінтоўку нямецкай сыстэмы, аддаў яе Алесю пачысьціць, а сам сеў палуднаваць.

Хутка ў двор прыйшла рыгорава мачыха.

— Зноў з гэтымі цацкамі? Зноў некуды выправіліся? А? Вось няма на вас пакараньня... Хадзеце! Мо’ галоўкі пакруціце... Дзень-у-дзень ідзе, а стары рабі адзін... Работы ня знойдзе, а полудзень дык знайшоў і сам... Каб вы палопаліся...

Рыгор кінуў есьці, надзеў шапку і пайшлі.

У выканкоме яшчэ нікога з другіх хлопцаў ня было. Алесь павёў Рыгора ў царкоўны двор за агарожу і там сеў у куце двара пад ліпамі.

— Сядай... Ну, што ты думаеш рабіць?

— Ня ведаю... Ужо з дому гоняць. Працаваць трэба, а тут вось гэта... Чорт яго ведае, што рабіць?..

— А ня кінеш?

— Я? Ня кіну! Лепш галодны пайду ў сьвет, а ня кіну...

— Пяройдзе... А хіба ў мяне лепш? Тата на мяне ня крычыць і наогул нічога ня кажа, але гэта яшчэ горш, бо я сам ведаю, што ён то маўчыць, а сам з сабой думае вельмі нядобрае. Сёньня бяру я з-пад ложку вінтоўку, а ён сядзіць моўчкі на лаўцы і так неяк на мяне пазірае, што мне страшна зрабілася. Каб ён лаяўся, дык я-б хоць адгаварваўся. А то ён маўчыць, ні слова і я моўчкі пайшоў... Я дык мо яшчэ з зіму прабуду так, а потым пайду з дому, ня выцярплю... хоць куды...