Старонка:Вінаваты (1930).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Вось яно, брат, і малайцы вы! Гэта-ж такая бібліотэка, што і мы каму некаму можам даць кніг, а ня то, каб яшчэ прасіць у каго... Толькі каб шчадзілі іх, вось што. Каб сьпісаны ўсе былі...

Ён падыходзіў да шафы і зноў падоўгу разглядаў кнігі.

Яшчэ праз два тыдні ячэйковы драмгурток ставіў «Осиное гнездо». Гэта быў яго першы спэктакль.

Пасьля сходу многія з былога культурна-асьветніцкага гуртка зусім адышлі ад працы, частка прыйшла ў гурток ячэйковы. Кіраваў гуртком настаўнік выкладчык матэматыкі. Раней ён час-ад-часу удзельнічаў у пастаноўках.

На гэтым-жа спэктаклі, у канцы, гурток прасьпяяў «Грышка ды Саўка ладзілі дуду» і «Інтэрнацыянал».

Саля ў час спэктаклю была перапоўнена.

Так была закончана першая перамога комсамольцаў.

Рыгор непадалёку ад хаты, гоняй пяцера, гроб сена. Ён набраў вялізны прыгожы перабор, падняў з зямлі і паклаў яго на напалову складзеную капу. Сам выцер рукавом з шыі пот і сеў ля капы адпачыць.

Праз некалькі часу нехта падкраўся ззаду, закрыў яму рукамі вочы і ня пускаў.

— Цімох?.. пусьці!.. Ну?.. а-а-а... ведаю! Алесь...

Алесь адпусьціў рукі.

— Завяршы капу ды бяры вінтоўку і пойдзем у воласьць.

Пойдзем нанач у Алесеўку.