Старонка:Вінаваты (1930).pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзяць двое дарослых мужчын. У абоіх вялікія русыя бароды. Адзін, што бліжэй да Шаўца, утрое склаўся седзячы, ногі свае каленкамі да грудзей прытуліў, на калені паклаў абедзьве рукі, і, схіліўшы крыху голаў, нібы дрэмле. На ім замурзаная, калісьці ружовая, кашуля. Каўнер кашулі расшпілены і пад кашуляй, відаць Шаўцу, чорныя ад пылу і поту, аброслыя валасамі грудзі і такая-ж чорная ад пылу і загару патыліца. Шавец пераводзіць зірк на другога. У таго ў руцэ тоўстая самаробная папяроса. Ён глыбока, паважна зацягваецца дымам, потым гэтак-жа паважна выпускае клубочкі густога белага дыму праз рот і два струмені праз нос; за кожным разам, як смактане папяросу, адкашліваецца і цыркае праз зубы на памост перад сабою сьліну. Памост забруджаны пяском, запляваны, закіданы недакуркамі папярос. Пад стольлю ў пакоі плавае клубкамі белаваты дым і паціху растае і зьнікае. 3 дымам носіцца па пакоі, дурманячы галаву, востры едкі смурод ад папрэлых ног. Смурод няпрыемна казыча ноздры; пасьля таго, як удыхнеш яго, хочацца адплявацца. Баліць галава. Боль павялічваецца ад бязупыннай у пакоі гамонкі, лаянкі і крыкаў у чарзе. Усё гэта стамляе Шаўца, перашкаджае думаць, парушае суцэльнасьць думак. Ён усё яшчэ, вось ужо другі тыдзень, жыве надзеяй на працу. Яму ўспамінаецца далёкі горад і апошнія дні жыцьця ў ім: галодныя, без кватэры. Там ён зарабляў тое-сёе выпадкова і начаваў па чарзе ў знаёмых, сяброў, а то і ў садзе. Няпрыемна ўспамінаць, занадта крыўдна робіцца ад успамінаў. Шавец сплюшч-