Старонка:Вінаваты (1930).pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нашым мы зможам дапамагчы, — казаў Алесь, — а яны, панскія донькі, няхай самі і напілуюць і паколюць.

Хутка ў лесе адбылася і першая сутычка.

Ісьці ў лес трэ’ было ўсім і хлапцам і дзяўчатам. Так і хадзілі. Але раней усе дзяўчаты — папова, дзякова, пісарава, у лес ня йшлі, а дадому і гэта неяк лічылі нормальным. На гэты раз Алесь наўмысьне папярэдзіў іх:

— Пасьля абеду ў лес пойдзем па дровы, глядзіце, каб не ўцяклі!

Але дзяўчаты ў лес не пайшлі.

Алесь у лесе сабраў вучняў і ўсе згадзіліся, што тром незьявіўшымся ў лес заўтра трэ’ будзе адпілаваць адразу дзьве чаргі дроў. Раніцою Алесь папярэдзіў іх і аб гэтым. Дзякова дачка зарагатала Алесю проста ў твар і адвярнулася.

— Я ня буду пілаваць дровы!

— А вось-жа будзеш!

— Ня буду! Ня будзем!..

— Пабачым!..

Алесь пакінуў іх. Дзяўчаты пайшлі да загадчыка школы і ён дазволіў ім дроў не пілаваць.

Калі раніцою Алесь зьявіўся ў школу, ён перш усяго праверыў, ці папілаваны дровы. А праз пяць хвілін у самай большай клясе ўжо сабраўся вучнёўскі сход і пачаў разьбіраць пытаньне аб выключэньні ўсіх трох дзяўчат са школы. Дзяўчаты плакалі на сходзе. Загадчык школы абараняў іх і даводзіў, што схад ня мае ніякага права каго-б то ні было выключаць са