Старонка:Вінаваты (1930).pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І яны зноў згубіліся ў прарэзьлівым дружным сьвісьце. Цяпер настаўнік завярнуўся і пайшоў за сцэну. Старшыня выканкому пайшоў дадому. Спэктакль хутка скончыўся.

Назаўтра старшыня выканкому доўга гутарыў з Сяргеем, пераконваў, што такой зьявы, як была на спэктаклі, нельга далей цярпець. Сяргей даводзіў, што школьнікі правільна асьвісталі дэклямацыю настаўніка.

— Ну, што гэта за верш? — казаў ён. — Глаза, глаза... А ну яго!.. Вось, брат, яно й ёсьць, што гнілая інтэлігенцыя...

У гэтым спэктаклі ўдзельнічала і Зося.

Назаўтра-ж паклікаў яе да сябе ў калідор Алесь і заявіў, што калі яна яшчэ будзе іграць на спэктаклі ў гуртку, дык ячэйка прыцягне яе да адказнасьці і выключыць з комсамолу.

Ячэйка хацела перамагчы. Ячэйка хацела адваяваць сцэну, каб самім комсамольцам гаварыць з яе перад спэктаклямі, каб самім ставіць спэктаклі, дэклямаваць, пець. Пачалося ўпартае змаганьне за сцэну. Змаганьне перанеслася ў школу, дзе сярод вучняў было многа гурткоўцаў. Алесь, які кіраваў фактычна ўсім унутрышкольным, па-за навучальным жыцьцём школы, павёў атаку на гурткоўцаў. Ён з групай хлапцоў склаў сьпіс каму і калі чарга мыць памост у клясах, пілаваць дровы. Раней звычайна дзяўчат вызвалялі ад пілаваньня дроў, зараз гэтае правіла было скасавана.