Старонка:Вінаваты (1930).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А як гэта мы організуем? — пытаў Янка.

— Я ня ведаю. Сяргей прыдзе, ён сам пакажа. Толькі ты пакуль нікому больш не кажы.

— А мо’ яшчэ Пятру каб сказаць? А?

— Пятру?.. ну, можна. А больш нікому... глядзі!..

Праз дзень у аднэй з кляс сабраўся валасны політыка-асьветніцкі гурток, якім кіраваў былы падпаручык, а цяперашні папоў зяць. У гуртку былі некаторыя настаўнікі і дзеці: папа, дзяка, былога валаснога пісара і некалькі чалавек з служачых валасных устаноў. Гурток развучваў п’есы і наладжваў спэктаклі. У гуртку ў гэты час чыталі «Медведь» Чэхава. Кіраўнік то гучна выкрыкваў асобныя сказы густым мужчынскім басам, патрабаваў ад кагось грошы, то падрабляўся пад жаночы ўпрашваючы голас.

У суседнім пакоі сабраліся трое будучых комсамольцаў і Сяргей.

— Усяго трое? — пытаў Сяргей. — Гэта, брат, зусім мала, каб яшчэ хоць двух.

— Тады паклічам яшчэ Рыгора і Цярэшку... Бяжы, Пятро, пакліч...

Праз хвіліну зьявіліся і Рыгор з Цярэшкам.

Сяргей адчыніў сход.

— Вось, брат, што, — пачаў ён, — каб нам ужо організаваць ячэйку, дык давайце усё як сьлед. Няхай Алесь старшынёй будзе, а Янка сакратаром... Згодны? — Ну вось... Ты і пратакол пішы, — зьвярнуўся ён да Янкі.

Сяргей пачаў даклад. Ён гаварыў пра змаганьне на фронце, пра тое, як Чырвоная армія перамагла