Старонка:Вінаваты (1930).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На што табе дзеткі?

— Каб тваіх кляваць.

Пасьля гэтых слоў матка стала насупроць коршыка і нарыхтавалася да абароны дзяцей, якія замерлі на месцы за плячыма маткі. Коршык усхапіўся з зямлі і мерыцца накінуцца на самага задняга хлапчука. Потым заскакалі, забегалі дзеці наўкола маткі, а коршык налятае на іх і скрозь натыкаецца на яе, высокую. Стаміла такая гульня коршыка і ён нібы сьціх, спыніўся на хвіліну, потым, намерыўшыся, скокнуў і ўхапіў самага задняга хлапца за плечы. Рэшта мятнулася ў бок, ірванула за сабой матку, і яна, непаваротлівы цяжкі хлапец, упала на зямлю. Алесь зарагатаў.

— Ну, і матка, падае, як кабан.

Васіль Кандратаў, маткай быў ён, узьняўся з зямлі, глянуў на Алеся, які стаяў непадалёк у кароценькіх чорных штанох і злосна крыкнуў яму два разы.

— Хоць з паноў, ды без штаноў! Хоць з паноў, ды без штаноў!..

Дзеці сталі паўкругам і чакаюць, што будзе. Калі яны першы раз убачылі на выгане Алеся ў кароткіх чорных штанах, яны пазайздросьцілі яму і нязьлюбілі яго. Але калі Алесь пачаў кожны дзень ганяць на выган сьвіней і вучыць дзяцей розным, прывезеным з гораду, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусьніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Васіля яны ня любілі. І зараз іх сымпатыі былі на баку Алеся. Гэтыя сымпатыі пасіляліся яшчэ таму, што Алесь часта, як ведалі дзеці, цярпеў крыўду праз Васіля.