Старонка:Вінаваты (1930).pdf/59

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ДРУГАЯ

На зямлі, раскараціўшы ногі, сядзеў Алесь. Вакол яго, адзін за другім, пабраўшыся друг дружку за паяскі хадзілі дзеці. Уперадзе самы большы — гэта матка. Большы паціху вёў за сабою «сваіх дзяцей» і ставіў пытаньні Алесю. Той адказваў.

— Коршык, коршык, — пытала матка, — што ты робіш?

— Ямачку капаю, — адказваў коршык.

— На што табе ямачка?

— Каменьчыкі хаваць.

— На што табе каменьчыкі?

— Голачкі вастрыць.

— На што табе голачкі?

— Мяшочкі шыць.

— На што табе мяшочкі?

— Каменьчыкі зьбіраць.

— На што табе каменьчыкі?

— Тваім дзеткам зубкі выбіваць.

— На што зубкі выбіваць?

— Каб яны маёй капусты не клявалі.

— А на што табе капуста?

— Сваіх дзетак гадаваць.