Старонка:Вінаваты (1930).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«...І мяне мобілізавалі. Я хутка паеду на фронт і Маланьня застанецца адна з дзяцьмі. 3 В... ужо ўсё ўцякаюць, баяцца немцаў, дык я прашу цябе, дарагі брат, не адмоў, як прыедзе да цябе Маланьня, дай ёй у сваёй хаце куток, а я ўжо як зьвярнуся з вайны, калі жыў буду, дык аддзякую табе...».

У час, калі Мікіта пісаў гэты ліст брату, дваццаць чацьверты сімбірскі полк стаяў у дванаццаці вярстох ад фронту, у пакінутай сялянамі вёсцы. Полк у гэты час быў у рэзэрве.

Удзень афіцэры выводзілі салдат на выган за вёску і сьпяшаючы вучылі іх маршараваць, вучылі ўладаць вінтоўкай. А вечарамі салдаты зьбіралі пад павецямі кінутыя дровы, а калі іх ня было, дык ламалі платы, пілавалі на дровы жэрдкі, карыты і палілі печы, а ў пасудзе, кінутым гаспадарамі, варылі накапаную бульбу ці варыва.

Гэнае жыцьцё ў вёсцы вельмі прыпамінала салдатам кінутыя імі далёкія родныя хаты, адкуль да іх кожны дзень ішлі сьлязьлівыя лісты жонак і мацерак. Вечарамі, ля комінкаў, салдаты перачытвалі адзін другому атрыманыя з дому лісты і тады пра ўсё пачыналі думаць па-ранейшаму, не як салдаты, а як сяляне, апавядалі адзін аднаму пра свае далёкія вёскі, пра навіны з тылу, а гэныя навіны ўзбуджалі і пасялялі ў кожнага жаданьне паехаць дадому, пабачыць крэўных.

Удзень чулі салдаты нясьціхаючыя гарматныя стрэлы на фронце. Кожны дзень праз вёску везьлі фур-