Старонка:Вінаваты (1930).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мікіта разумеў бацьку і адказваў яму гэтак-жа, многага не дамаўляючы.

— Яно нішто-б, калі ўтрымаюся. Буду жыць.

А бацька раіў:

— Добра служы, дык чаму ня ўтрымаешся? Абы начальства слухаўся, дык утрымаешся.

Толькі жонка па інакшаму думала пра службу Мікітаву. Яна баялася, што Мікіта кіне яе, простую бабу, паедзе адзін і таму за словамі бацькі сьпяшаючы прыказала:

— Каб-жа даў божачка ды ты ня ўтрымаўся, можа-б і я па-людзку пажыла тады.

— Вось дурніца, — адказала на гэта маці, — калі ўтрымаецца, дык і цябе возьме ў горад і дзецям добра будзе, ня будуць у гнаі капацца.

— І чакаць ня буду, — уставіў Мікіта. — Я-ж прыехаў за тым, каб узяць цябе, кватэру ўжо знайшоў добрую. Паедзем, а ўлетку будзем у госьці да таты прыяжджаць.

Жонка глянула на Мікіту ветліва, хацела радасна ўсьміхнуцца яму, але ад гэтае-ж радасьці падкаціўся да горла клубочак балючы, успомніла ўсё, што перацярпела і захацелася заплакаць. Яна ўзьнялася з лаўкі і вышла з хаты.

У 1915 годзе старэйшы брат атрымаў ад Мікіты ліст, у якім пасьля уклону ўсёй сям'і братавай было напісана наступнае: