Старонка:Вінаваты (1930).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

манкамі пакалечаных, параненых людзей. І стрэлы і параненыя прыпаміналі аб пагражаючай сьмерці і салдаты паціху адзін аднаму выказвалі ўзрастаючы ў сэрцы страх і жаданьне паехаць ці ўцячы дадому.

Праз чатыры дні пасьля таго, як паслаў Мікіта ліст да брата, пісаў ён вечарам першае сваё данясеньне ў контрразьведку N-скай дзейнічаючай арміі. У данясеньні Мікіта пісаў, што ў палку ціха, але лісты з дому ды параненыя растрывожваюць салдат і раіў, каб перавозку параненых рабілі па якім-кольвек другім шляху.

Ціха ў хаце. Цёпла. Ад невялічкага агеньчыку ў лямпе мала сьвятла на Кандратаву новую хату, і ў хаце пануе паўзмрок.

Кандрат з усёй сям’ёй за сталом вячэрае. На стале невялічкі кошык з печанай бульбай. Кандрат бярэ ў руку круглыя яблыкі сьпечанай, акурат пад яго смак, бульбы, здувае з яе попел, доўга качае бульбіну паміж далонямі, каб адстала скарынка і каб бульбіна была больш сопкай, потым сашкрэбвае трошкі паверху шалупайку, каб заставалася жоўценькае, прыгарэўшае, ломіць бульбіну папалам, высыпае сабе ў рот сопкае яе нутро з палавінак і тады паціху жуе жоўтую, прыгарэўшую смачную шалупайку.

Кандрат есьць бульбу і час-ад-часу пазірае ў акно. На дварэ пачынаецца дождж. Дождж браскае капкамі ў шыбы і чутна ўжо, як пачынаюць за акном падаць капкі са страхі на зямлю.