Старонка:Вінаваты (1930).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жонка Мікітава сядзела ў канцы лаўкі, а маці стаяла ля прыпечку. Яна ўважліва сачыла за гутаркай, за словамі старога, і як толькі ён сказаў пра цеснату, яна ўставіла свае словы:

— Дзіва што цесна... Як зьбярэмся ў хаце да полудню ўсе, дык павярнуцца недзе, сьпінамі адно аб другога тромся.

Гэтая гаворка ўзмацніла ў разуменьні Мікіты адчуваньне вялізарнай розьніцы паміж яго жыцьцём за апошнія месяцы і жыцьцём бацькоў. Гэтая розьніца ва ўсім: у вопратцы, харчох. Чорнае чыстае паліто Мікіты, якое вісела на кручку каля палацяй, рэзка вылучалася на фоне шэрых бярвён сьцяны і шэрай вопраткі, накладзенай на палаці, здаецца нарочна адпіхалася ад іх, каб не забрудзіцца. І Мікіта сам час-ад-часу паглядаў на паліто і ў яго абуджалася пачуцьцё агіды, ён баяўся, што са сьцяны, ды з армякоў і кажухоў бацькаўскіх, налезуць у паліто прусы, вошы.

Бацька Мікітаў сам добра разумеў розьніцу між сваім жыцьцём і жыцьцём сына і ў гутарцы так ці сяк намякаў на гэта.

— Наш валасны пісар, — казаў бацька, — вунь як жыве, зусім панам: дочак паўбіраў, сына ў горадзе ў гімназіі вучыць, а ў губэрскай канцылярыі каб яго пасадзіць, дык і зусім-бы не пазнаць. Я надысь адваката ў горадзе знаёмага спаткаў калі сказаў, што ты ў губэрні ў канцылярыі служыш, дык ён вэнь як зайздросьціў і хваліў цябе. Вельмі, кажа, добрае твой сын месца заняў.