Старонка:Вінаваты (1930).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Хата ў Мікітавага бацькі пяць на сем аршын. Адно акно ў хаце на чатыры шыбы — на двор, ды яшчэ пад палацямі ў адну шыбу вакенца — на гарод. Чвэрць хаты займае печ, столькі-ж палаці. У куце стол і шырокія з дошчак, лаўкі ад сьцяны да сьцяны. У хаце нізка навісла столь на тоўстых баньках. Пад лаўкай карыты з цестам, чыгуны, цэбар. Пад стольлю, на паліцы міскі, чыгуны, дзьве куліды хлеба. У хаце душнае кіслае паветра.

Калі ўвайшоў Мікіта ў хату і распрануўся, дык доўга шукаў на сьценах месца, дзе-б павесіць сваё паліто. І адразу адчуў, што адвык ужо ад гэтае маленькае хаты, што ня схоча зьвярнуцца сюды ўжо ніколі.

Бацькі спаткалі Мікіту ветліва. Бацька тры разы з ім пацалаваўся на крыж, а як мерыўся Мікіта сесьці на лаўку, дык маці падышла і хвартухом выцерла яе. Калі павячэраўшы, сядзелі каля стала, бацька доўга гаварыў аб няхватках у гаспадарцы.

Няхай яно ўжо згарыць лепей такое жыцьцё. Гэта-ж вось хутка ўжо хлеба ня будзе і здаецца шмат сеяў... ды дзе яно, праўду кажучы, вырасьце ў нас. Людзей цяпер многа разьвялося, а ўсім есьці трэба. Так яно жыць мусіць лепей з пісарства? А мо’ і таксама?..

Сваёй гутаркай бацька хацеў тое-сёе выведаць ад самога Мікіты.

— Ты на зусім гэта ў пісарства пайшоў, ці як? Калі будзеш дома ўжо жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна...